Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак назваў публікацыі аб вярбоўцы наймітаў у Менску ўкраінскімі спэцслужбамі расейскай дэзынфармацыяй. Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў, што гэта магло быць апэрацыяй расейскіх спэцслужбаў. Так яны пракамэнтавалі публікацыі ва ўкраінскіх СМІ пра тое, што наймітаў спрабавалі захапіць для суду ў Кіеве.
Украінскія спэцслужбы рыхтавалі маштабную апэрацыю затрыманьня групы баевікоў «ПВК Вагнэра», дзеля чаго выманілі іх у Беларусь, аднак спэцапэрацыя правалілася, напісала 18 жніўня «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны і Службе бясьпекі Ўкраіны, а таксама на журналіста Юрыя Бутусава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дарадца Пуціна: «Я разьлічваю на рабочых, на страйк і, можа, на кіраўнічую клясу Беларусі»Паводле крыніц выданьня, распрацоўваць спэцапэрацыю пачалі больш як год таму. Украіна плянавала адшукаць і затрымаць баевікоў, якія ваявалі на Данбасе, сярод іх былі людзі, імаверна, датычныя да катастрофы Boeing MH17, зьнішчэньня Іл-76 у Луганскім аэрапорце і АН-26 каля Луганску.
Як расказвае «Ўкраінская праўда» са спасылкай на крыніцы, у рамках спэцапэрацыі баевікоў нанялі паводле падробленых дамоваў ахоўваць нафтавыя вышкі ў Вэнэсуэле. Падчас вэрбаваньня яны далі пад запіс сьведчаньні аб злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны, бо думалі, што паказваюць «працадаўцу» ўзровень «кваліфікацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 298 загінулых, зь іх 80 дзяцей. 6 гадоў таму рэйс MH17 зьбілі ў небе над Данбасам. Суд працягваеццаГрупа складалася з 33 чалавек, сярод іх былі 28 баевікоў, якіх мелі затрымаць. 9 зь іх былі грамадзянамі Ўкраіны, 11 значыліся ў базе «Міратворца». Ня ўсе найміты служылі ў «ПВК Вагнэра».
Паводле пляну, 24 ліпеня групу мусілі прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група мела вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта стала б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б «вагнэраўцаў». Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заклікалі да агульнадзяржаўнай акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю «За нашу і вашу свабоду»Паводле публікацыі, 24 ліпеня аб фінальнай стадыі апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічаў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.
25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбулу, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Паводле публікацыі, украінская выведка нібыта лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.