У кампаніі «Белгорхімпрам» працуе 800 чалавек, больш за 200 ужо падпісаліся пад калектыўным зваротам да ўладаў Беларусі. Пра гэта Свабодзе паведамілі супрацоўнікі кампаніі.
У кампаніі «Белгорхімпрам» патрабуюць:
- Спыніць гвалт і кровапраліцьце з боку сілавых структураў у адносінах да мірных грамадзян Беларусі. Бо «пратэсты носяць мірны характар, а прымяненьне сілы абсалютна неапраўданае. З пратэстоўцамі трэба дамаўляцца мірным шляхам».
- Спыніць парушэньне грамадзянскіх правоў на свабоду слова, забясьпечыць свабоднае выказваньне думак і атрыманьне праўдзівай інфармацыі ад органаў улады
- Прыцягнуць да адказнасьці асобаў органаў дзяржаўнай улады, сілавых структур і праваахоўнікаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы і ня выканалі свае абавязкі добрасумленна і ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Асаблівую ўвагу надаць зьверствам і зьдзекам супрацоўнікаў праваахоўных органаў у ЦІПах і ізалятарах
- Вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама незаконна затрыманых грамадзян. Аказаць грамадзянам, якія пацярпелі на мірных пратэстах, неабходную мэдычную, юрыдычную і матэрыяльную падтрымку.
- У сувязі зь вялікай колькасьцю зафіксаваных парушэньняў на выбарах прэзыдэнта 9 жніўня прызнаць іх несапраўднымі і правесьці новыя адкрытыя выбары з публічным падлікам галасоў і прыцягненьнем незалежных назіральнікаў.
-
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежныя прафсаюзы ўзялі на сябе каардынацыю дзейнасьці агульнанацыянальнага страйкавага камітэту
Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Белгорхімпрам» — сучасны экспэртны цэнтар Беларусі па пытаньнях здабычы і перапрацоўкі калійных руд і іншай мінэральнай сыравіны, генэральны праектант вядучых прадпрыемстваў горнай і хімічнай прамысловасьці.