Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч — пра мірныя пратэсты, новых лідэраў, гвалт і арыштанцкі набор, які мае з сабой, калі ідзе на мітынгі.
Сьцісла
- Рэвалюцыя мусіць абапірацца на новых лідэраў — тых, хто яе ствараў і яе рухаў. Тых, хто не шкадаваў сябе.
- Увесь час шукаю аналёгіі ў сусьветнай гісторыі — і не знаходжу. Тое, што ў нас адбываецца, сёньня можа быць нечым падобна да Румыніі, заўтра да Парагваю, пасьлязаўтра да Ўкраіны.
- Раней я часта казаў, што люблю і ненавіджу Менск, але цяпер я ім ганаруся.
- Немагчыма патрабаваць ад кожнага, каб ён ахвяраваў сабой дзеля барацьбы. Але сёньня людзі зразумелі, што час вяртаць скрадзенае.
- Я ведаў, дзе я жыву. Усе гады дыктатуры я пісаў пра свабоду і пра фашызм.
«Адчуваю вялікі гнеў і нянавісьць да катаў»
— Якія пачуцьці цябе перапаўняюць найбольш на 11 дзень пратэстаў?
— Тыя самыя пачуцьці, якія перапаўняюць цяпер усіх неабыякавых беларусаў і нашых сяброў за мяжой. Хоць, калі шчыра, людзей абыякавых да таго, што адбываецца, я гэтымі днямі наогул ня бачыў. Часам мне здаецца, што нават прырода, нават неба, аблокі, дрэвы і птушкі, нават камяні, вуліцы, дамы перажываюць гэтаксама, як людзі. Я адчуваю вялікую трывогу — за ўсіх нас, за краіну, за тых, хто прагне пераменаў. Трывогу за лёс нашай вялікай і прыгожай нацыянальнай рэвалюцыі. Адчуваю вялікі гнеў і нянавісьць да катаў, якія свабодна разгульваюць па вуліцах нашых гарадоў і цешаць сябе ілюзіяй улады над намі. Адчуваю вялікую пагарду да тых, хто спрабуе задушыць пратэст.
Адчуваю гордасьць за беларусаў. Гордасьць за свой родны горад, такі прыгожы і вольны ў гэтыя дні. Раней я часта казаў, што люблю і ненавіджу Менск, але цяпер я ім ганаруся. Адчуваю вялікую надзею і вялікі страх — за тых, каго люблю. Адчуваю ўдзячнасьць да тых, хто падтрымлівае нас ва ўсім сьвеце. Адчуваю шчасьце, што дажыў да гэтых прыгожых і страшных дзён. Сумую па тых, хто не дажыў і не пабачыў гэтага ўздыму, хоць набліжаў яго як мог.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альгерд Бахарэвіч пра новую кнігу: «Калі хочаш быць рэалістам — мусіш пісаць фантастыку»
«Беларуская рэвалюцыя ўнікальная адсутнасьцю цэнтру»
— Наколькі гэты мірны пратэст зьяўляецца менавіта беларускай нацыянальнай адметнасьцю? Ці падпадае ён пад паліталягічныя вызначэньні і гістарычныя прыклады?
— Мне здаецца, што мы ўсё ж можам казаць ня толькі пра мірны пратэст, але і пра сапраўдную мірную рэвалюцыю. Кучка ўзброеных жорсткіх людзей супрацьстаіць цэламу бяззбройнаму народу, які выяўляе нечуванае аднадушша. Вядома, паміж гэтай шалёнай кучкай галаварэзаў і гэтым гатовым да пераменаў мірным народам знаходзіцца цёмная, цёплая яміна з тымі, каму ўсё роўна, тымі, хто чакае, каб стаць на бок пераможцаў, але так было заўсёды. Чаму я кажу: рэвалюцыя? Бо рэвалюцыя азначае незваротнасьць зьменаў, а я ўпэўнены, што чым бы ні скончыліся нашыя пратэсты, Беларусь ужо ніколі ня будзе ранейшай, шэрай, нецікавай, убогай фантазіяй дзяржаўных прапагандыстаў, у якой вольныя людзі былі вымушаныя сыходзіць ва ўнутраную эміграцыю.
Час унутранай эміграцыі мінуў. Думаю, нават улада гэта разумее — і будзе вымушаная лічыцца з запатрабаванасьцю пераменаў і рэвалюцыйнымі настроямі. Іншая рэч, што розумам, гнуткасьцю і тонкасьцю яна, улада, ніколі не вылучалася. Мы бачым цяпер, што ўлады ў адказ на пратэсты спрабуюць адказваць людзям той самай штучнай, нежывой, абрыдлай усім мовай, мовай без адзінага жывога слова, мовай тупой варожасьці.
Я ўвесь час шукаю аналёгіі ў сусьветнай гісторыі — і не знаходжу. Тое, што ў нас адбываецца, сёньня можа быць нечым падобна да Румыніі, заўтра да Парагваю, пасьлязаўтра да Ўкраіны... Беларуская рэвалюцыя ўнікальная адсутнасьцю цэнтру, адсутнасьцю каардынацыі, адсутнасьцю выразных бясспрэчных лідэраў, яна ўнікальная сваёй гарызантальнасьцю, гэта рэвалюцыя без герархіяў, якая змагаецца за новыя палітычныя герархіі, і я ня ведаю, што павінна атрымацца ў выніку. Цяжка сказаць, што будзе праз хвіліну. Як і ўсе мы, я чакаю навінаў.
«Не ісьці на кампрамісы, не здаваць рэвалюцыю ў абмен на дробныя саступкі ўлады»
— Што цяпер, на тваю думку, самае важнае трэба зрабіць, а чаго ні ў якім разе нельга рабіць?
— Я не аналітык, я пісьменьнік. Як пісьменьнік скажу, што вольную, новую Беларусь трэба найперш прыдумаць і ўвесь час, кожную хвіліну, трымаць у галаве яе вобраз. Трымаць і не адступацца ад яго. Няхай ён увесь час будзе перад вачыма: тая краіна, якую мы хочам. Гэта значыць — не ісьці на кампрамісы, не здаваць рэвалюцыю ў абмен на дробныя саступкі ўлады. Чатыры пункты цяпер аб’ядноўваюць нас усіх незалежна ад поглядаў, ад прафэсіі, ад адукацыі, ад мовы і ад мінулага. Адстаўка Лукашэнкі, вызваленьне ўсіх палітзьняволеных, новыя выбары без дыктатара, пакараньне злачынцаў. Варта адступіцца ад нейкага з гэтых пунктаў — і гэта адкрые шлях да паразы.
— За што беларусы могуць быць удзячныя Лукашэнку?
— Тут, вядома, можна было б пажартаваць і сказаць: за тое, што, аб’яднаўшыся супраць яго, беларусы нарэшце адчулі сябе нацыяй. Але цяпер такі час, калі ня хочацца жартаваць. За што можна быць удзячным рэжыму, які скраў 26 гадоў жыцьця ў мільёнаў людзей, а цяпер пачаў проста іх забіваць? У лукашэнкаўскай Беларусі гэтае адчуваньне было вельмі балючым — што жыцьцё адно. І вялікую яго частку проста скралі. Гэта, дарэчы, адна з прычынаў таго, што пратэсты апошнія дзесяцігодзьдзі не былі такія масавыя. Бо нават пры такой сыстэме людзям трэба было кахаць, тварыць, нараджаць дзяцей, вучыцца любіць сябе. Немагчыма патрабаваць ад кожнага, каб ён ахвяраваў сабой дзеля барацьбы. Але сёньня людзі зразумелі, што час вяртаць скрадзенае.
— Рэвалюцыі часта маюць імёны. Белая, чыстая, жаночая. Якая рэвалюцыя ў Беларусі?
— Калі гаварыць пра сутнасьць, дык, як і ва Ўкраіне, нашая рэвалюцыя — найперш рэвалюцыя годнасьці. Але імя ўжо занятае. Мне падабаецца — белая. Лепш ня скажаш. Цэлы суплёт сэнсаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бахарэвіч глыбейшы за Муракамі». Заходні дасьледнік пра беларускую літаратуру
«Мы зь Юляй стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх вялікіх шэсьцях»
— Якая твая рэакцыя на мірныя пратэсты і гвалт як пісьменьніка? Пазнаеш пэрсанажы і сюжэты сваіх твораў, пішаш новае, накладаеш на сусьветную літаратуру...
— У мяне ніколі не было ілюзій адносна гэтага рэжыму. З самага пачатку. Магчыма, менавіта гэта ўтрымала мяне ад таго жахлівага шоку, у якім большасьць апынулася пасьля 9 жніўня. Я ведаў, дзе я жыву. Усе гады дыктатуры я пісаў пра свабоду і пра фашызм — і ў тым, што мы дзесяцігодзьдзямі жывем пры, так бы мовіць, прыхаваным, замаскаваным фашызьме, я ніколі не сумняваўся. Цяпер, азіраючыся назад, я бачу, што кожная мая кніга і кожны тэкст былі пра тое, як сыстэма рыхтуецца да сёньняшняга дня, як назапашвае сілы, як атручвае і як імкнецца стварыць дымавую заслону пошласьці і хлусьні.
Не, я зусім не прэтэндую на ролю прарока. Але, успамінаючы свае кнігі, я горды тым, што меў такі нюх, такое адчуваньне сапраўднай сутнасьці дзяржаўнай сыстэмы. Усе мае свабодаўскія кнігі, а асабліва «Каляндар», мае раманы, мае калёнкі на розных сайтах цяпер чытаюцца вельмі актуальна, хоць раней я часта чуў, што ўсё гэта мастацкія перабольшаньні і насамрэч усё ня так страшна і можна спакойна жыць. Але раптам высьветлілася, што ўсё сапраўды страшна. Яшчэ страшней.
Я ўдзячны сваім чытачам, якія ўспомнілі ў гэтыя часы, калі людзям не да літаратуры, мае кнігі — «Шабаны», «Сабакаў Эўропы», «Мае дзевяностыя» і іншыя. «Апошняя кніга пана А.» таксама пра нас тут і цяпер. Значыць, я пісаў не дарэмна. Гэтымі рэвалюцыйнымі днямі я нічога не пішу — мне здаецца, што цяпер важней удзельнічаць у рэвалюцыі нагамі, рукамі, голасам, падтрымліваць чым можна палітзьняволеных, ахвяраў катаваньняў.
Мы зь Юляй стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх вялікіх шэсьцях, мы далучаемся да калёнаў мірных пратэстаў, я думаю, гэта вельмі важна: паказваць, як нас шмат і які моцны ў нас голас. Цяпер ня час сядзець у сацсетках — хіба што сачыць за навінамі. Я наогул думаў нічога не пісаць, але ўсё ж зрабіў у фэйсбуку некалькі пастоў — высьветлілася, што не дарэмна, бо рэакцыя чытачоў была ўдзячная: дзякуй, мы пачулі тое, што хацелася выказаць самім, але не было словаў.
«На вуліцы выходзяць настолькі розныя людзі. У гэтым сіла і веліч рэвалюцыі»
— У цябе ёсьць такі пэрсанаж, як «чалавек з 90-х». Мог бы ты апісаць асноўныя тыпажы, вобразы людзей, якія цяпер выходзяць на вуліцы?
— Нейкі адзіны партрэт сёньняшняга пратэстоўца намаляваць вельмі цяжка. Бо на вуліцы выходзяць настолькі розныя людзі! У гэтым сіла і веліч рэвалюцыі. Большасьць зь іх яшчэ нядаўна былі мне чужыя па сваім сьветаўспрыманьні, а іхны сьвет ніяк не перасякаўся з маім. Але вось мы разам, вось нашыя галасы кажуць тое самае, і мы разумеем адзін аднаго бязь лішніх словаў. Думаю, што ў кожнага пратэстоўца да ўлады ёсьць свае асабістыя рахункі — і ёсьць рахункі агульныя для ўсіх нас.
Стома ад хамства і несвабоды ідзе побач з эканамічнай незадаволенасьцю, прыхільнасьць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў крочыць разам з нармальнай чалавечай гідлівасьцю, жах перад гвалтам ідзе ў адной калёне з крыўдай на несправядлівасьць, асабістае ідзе разам з нацыянальным. Такі вось марш абурэньня таленавітых, нармальных, прытомных, вельмі стомленых людзей, якім абрыдла жыць так, як раней, бо для іх талентаў і іх чалавечых якасьцяў не было ніякай рэалізацыі. Галоўнае, што ў людзей з 90-х зьніклі ілюзіі: у каго адносна ўлады, у каго адносна народу, у каго адносна саміх сябе. Чалавек з 90-х або заплюшчваў вочы на злачынствы ўлады, або занадта ідэалізаваў беларускі народ і чакаў ад яго імгненнага сасьпяваньня да пераменаў.
«Да новай Беларусі нам вельмі далёка»
— Рэвалюцыі робяць рамантыкі, а іх вынікамі карыстаюцца нягоднікі. Ці можна гэтага пазьбегнуць?
— Рэвалюцыя мусіць абапірацца на новых лідэраў — тых, хто яе ствараў і яе рухаў. Тых, хто не шкадаваў сябе. Пазьбегнуць новых дыктатараў можна толькі стварыўшы такую сыстэму ўлады, дзе ня будзе ніякага аднаасобнага кіраваньня. Максымальна калегіяльную. А яшчэ я бачу новую Беларусь як краіну з моцным самакіраваньнем ва ўсіх рэгіёнах. Канфэдэрацыю, дзе кіраўніцтва абласьцей абіраецца іх жыхарамі, а не прызначаецца ў Менску. Дый Менскам павінны кіраваць самі менчукі. Але ад нягоднікаў усё роўна нікуды не падзецца. Палітыка прадукуе іх у кожным разе, бо гэта палітыка. Іншая рэч, наколькі яны будуць уплывовымі. Аднак гэта ўсё пакуль што проста гульня зь люстэркамі — тое, што я зараз кажу. Да новай Беларусі нам вельмі далёка.
— Ці баісься ты, што спраўдзіцца другая частка «Сабакаў Эўропы»?
— Вядома, баюся. Але цяпер яна спраўдзіцца ня можа — мы паказалі ўсяму сьвету, як ставімся да няволі. Увогуле, ці спраўдзіцца яна, 2 частка, моцна залежыць ад таго, чым скончыцца наша цяперашняя рэвалюцыя. А яшчэ, на вялікі жаль, ад таго, наколькі мы будзем дыпляматычныя і асьцярожныя ў гэтыя дні — я маю на ўвазе магчымае вонкавае ўмяшаньне ў нашыя справы. Наколькі мы будзем трымацца прынцыпу «Мы разьбярэмся самі». І тут я спадзяюся на тых, хто спрабуе ўзначаліць пратэсты — на іх розум і тонкасьць палітычных хадоў.
— Ці маеце зь Юляй «арыштанцкі набор» і ці купілі шампанскае?
— Вядома, выходзячы пратэставаць, мы бяром з сабой гэты самы набор. Радзіма навучыла нас гэтаму. Што да шампанскага, дык купляць яго яшчэ занадта рана. А калі яно раптам зьнікне з крамаў — мы не засмуцімся. Ёсьць такія зьнікненьні, якія можна цудоўна адзначыць і без шампанскага. Іх і чакаем.