Побач з праўладным мітынгам у Бабруйску прайшла калёна прыхільнікаў пераменаў. ФОТА

Шэсьце прыхільнікаў пераменаў у Бабруйску

У Бабруйску праходзіць мітынг за Лукашэнку. На плошчы Леніна перад будынкам раённай адміністрацыі сабралася да 3 тысяч чалавек. Удзельнікаў прыводзяць арганізаванымі групамі і ставяць на вызначаныя месцы.

У кожнай групе ёсьць адказны за «разагрэў». Ён выгуквае завучаныя лёзунгі, грамада яму адказвае. «Гаворым Лукашэнка — разумеем Беларусь», — гучыць з трыбуны.

Выступоўцы кажуць пра посьпехі ў эканоміцы і сацыяльнай галіне. Заклікаюць не дапусьціць спыненьня прадпрыемстваў і бэсьцяць тых хто страйкуе. Кожны не прамінае нагадаць, што «Лукашэнка наш прэзыдэнт», і настойваюць, што «„бацькам“ так проста не назавуць» і трэба ля яго аб’ядноўвацца. А бацькі і дзяды баранілі сувэрэнітэт Беларусі.

Вядоўца басам пэрыядычна выгуквае: «Беларусь», «Бацька». З плошчы яму адказваюць не адразу, а потым ня могуць суняцца і заглушаюць прамоўцу.

Моладзь на плошчы ў масках, трымаецца пэрыфэрыі. Пытаньні пра ўдзел у мітынгу большасьць ігнаруе. Некаторыя прызнаюцца, што прыйшлі на яго, бо іх прымусілі, і таму твары хаваюць за маскамі.

На плошчы шмат пэнсіянэраў. Ім не падабаецца, што журналісты гавораць з тымі, хто наводдаль, і патрабуюць, каб рэпартэры здымалі «шчыльныя шэрагі мітынгоўцаў». Яны агрэсіўна рэагуюць на пытаньні пра пратэсты супраць вынікаў выбараў. На іхную думку, моладзь выйшла на вуліцу на заклік Захаду. Некаторыя з пажылых людзей кажуць, што пратэстоўцаў трэба ізаляваць, а «Лукашэнка лібэральнічае». Суразмоўцы лічаць, што пацярпелыя самі вінаватыя, бо трэба было сядзець па хатах.

На плошчы шмат дзяржаўнай сымболікі разам з савецкай. Чырвона-зялёныя шарыкі. Сьцягі прадзяржаўных арганізацый і партрэты Лукашэнкі. Над плошчай кружыць гелікоптэр зь дзяржаўным сьцягам.

Праз гадзіну паўз плошчу Леніна па вуліцы Савецкай прайшла калёна з апанэнтаў улады зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, воклічамі «Жыве Беларусь», «Лукашэнка, сыходзь». У ёй ішло да дзьвюх тысяч чалавек. На плошчы яны не затрымаліся, але адцягнулі ўвагу ўдзельнікаў праўладнага мітынгу.

На вуліцы Савецкай ДАІ спыніла транспартны рух. Мінакі і кіроўцы віталі пратэстоўцаў.

Інцыдэнтаў з удзельнікамі праўладнага мітынгу і міліцыяй у апанэнтаў улады не было. Ад плошчы Леніна іхная калёна накіравалася пад дажджом па Мінскай вуліцы ў бок Шыннага камбінату.