Непадалёк ад будынку ЦІП на Акрэсьціна тыдзень таму валянтэры разьбілі «гарадок дапамогі». Тут цэлы тыдзень дапамагалі затрыманым, якіх вызвалялі, іх родным і тым, хто вяртаецца ў ізалятар па асабістыя рэчы, аказвалі псыхалягічную і юрыдычную дапамогу. Сёньня адміністрацыя ізалятара папрасіла згарнуць лягер: «Вы знаходзіцеся тут незаконна». Напярэдадні Свабода наведала гэты «гарадок» на Акрэсьціна.
Затрыманыя на пратэстах вяртаюцца пасьля вызваленьня забраць свае рэчы.
Дзьмітры, затрыманы на пратэсьце: «Мяне “ўзялі” разам зь сябрам 11 жніўня каля ГЦ «Галерэя». АМАПаўцы глядзелі мой тэлефон і гаманец. Зьбівалі за тое, што знайшлі эўра. Пасьля грошы зьніклі. Калі нас прывезьлі на Акрэсьціна, гадзіны чатыры мы ляжалі на зямлі. Пасьля мы апынуліся ў малым дворыку на некалькі мэтраў, дзе разам са мною было 100 чалавек».
Дошка абвестак для тых, хто забірае свае рэчы з ІЧУ і ЦІП.
Вадзім, затрыманы на пратэсьце: «Мяне затрымлівалі два разы вечарам 9 жніўня. Памятаю, як пусьцілі сьлезацечны газ. Прыехаў спэцназ, пускалі гумовыя кулі і гранаты. Нас зьбілі і «запакавалі». Адвезьлі пад Слуцак у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілякторый). Адтуль нас вызвалілі са словамі, што трэба падпісацца пад нейкім артыкулам, бо інакш мы атрымаем ад 4 да 5 гадоў па крыміналцы. Сюды я прыйшоў па дапамогу да юрыстаў».
У лягеры затрыманым дапамагаюць зь юрыдычнымі кансультацыямі.
Станцыя зарадкі тэлефонаў.
Куток, дзе можна памаліцца.
Кацярына, псыхоляг: «Я прыяжджала на пару гадзінак штодня. Не магу сказаць, што ўзяла на сябе велізарны радыяцыйны ўдар. Вельмі шмат тут узаемадапамогі, падтрымкі, сяброўства. Зь іншага боку, тут бачыш страх, напружанасьць, цялесную скаванасьць. Затрыманыя, якія выходзяць з ізалятара, пакуль у шокавым стане. Моцна дапамагае гумар.
Некаторыя пацярпелыя выходзяць і кажуць: «Там сапраўды ёсьць каму яшчэ дапамагаць. Ды я ў парадку, усё ў норме. Я яшчэ ня моцна пацярпеў. Ну, так, білі. Але былі тыя, каго мацней білі». Вядома, гэта абарончы псыхалягічны мэханізм. Гумар выцягвае, але я выдатна разумею, што яшчэ будзе накрываць».
Валянтэры арганізавалі кухню і гарачыя абеды для вызваленых.
Андрэй, валянтэр: «Я жыву тут побач. Застаўся дапамагаць у лягеры. Учора прасядзеў да 5-й раніцы. Калі прыходзілі пратэстоўцы, я па просьбе валянтэраў стрымліваў іх, каб яны не заходзілі на тэрыторыю лягера».