Праваабаронцы прызналі падазраваных у масавых беспарадках палітвязьнямі

Пратэсты ў Менску пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай у зьвязку з затрыманьнямі актывістаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі.

Левон Халатр'ян, Антон Бялінскі, Ігар Бялінскі, Андрэй Пазьняк, Сяргей Міхаёнак, Юры Васкрасенскі, Артур Васкрасенскі, Ігар Ярмолаў, Арцём Моладаў, Аляксандра Моладава, Уладзіслаў Карэцкі затрыманыя ў якасьці падазраваных у межах крымінальнай справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён нават ня ведаў, дзе знаходзіцца штаб Бабарыкі». Чаму затрымліваюць валянтэраў і зьбіральнікаў подпісаў

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый у гэтым зьвязку адзначаюць:

Свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная норма не падлягае ніякім абмежаваньням, акрамя тых, што вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадзкай бясьпекі, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва.

Выступы грамадзян насілі стыхійны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта, якія адбыліся 9 жніўня і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчына знайшла выкрадзенага мужа па фота, яго таемна абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў

Сходы мелі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спэцпадразьдзяленьнямі МУС зь непрапарцыйным ужываньнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі.

Упершыню ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасьць пашкоджаньняў была атрыманая ад выкарыстаньня сьвятлашумавых гранатаў.

Дэманстрантамі не зьдзяйсьняліся дзеяньні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй арт. 293 КК, і, адпаведна, [іх дзеяньні] ня могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не зьдзяйсьнялі падпалаў, пагромаў, не зьнішчалі маёмасьць і не аказвалі збройнага супраціву праваахоўным органам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць давераных асобаў Ціханоўскай з Гомля заведзеныя крымінальныя справы

Перасьлед названых асобаў, якія былі затрыманыя ў якасьці падазраваных па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), праваабаронцы расцэньваюць як палітычна матываваны і прызнаюць іх палітычнымі зьняволенымі.

У сувязі з гэтым агучаныя патрабаваньні да ўладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязьняў Левона Халатр'яна, Антона Бялінскага, Ігара Бялінскага, Андрэя Пазьняка, Сяргея Міхаёнка, Юрыя Васкрасенскага, Артура Васкрасенскага, Ігара Ярмолава, Арцёма Моладава, Аляксандру Моладаву і Ўладзіслава Карэцкага і спыніць іх крымінальны перасьлед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы пэрыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі.