19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў. Ён быў паранены ў галаву падчас акцыі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.
Бацька сказаў, што крыкнуў «Жыве Беларусь» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты, расказала Свабодзе дачка Наста.
«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — кажа дзяўчына.
Паводле Насты, у бацьку страляў вайсковец.
«У лякарні ў Берасьці нам сказалі, што кулі не было. Раней была інфармацыя, што рана скразная, а потым у паперах лекары напісалі, што рана агнястрэльная, пранікальная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by: Ад агнястрэльнага раненьня ў галаву памёр 43-гадовы берасьцеец. У шпіталі не камэнтуюць
У той дзень Генадзь Шутаў знаходзіўся ў гаражы свайго сябра Аляксандра Кардзюкова, які цяпер затрыманы.
«Пасьля яны апынуліся каля гэтых 20-павярховікаў, у іх у руках не было ніякай арматуры, і гэта няпраўда, што ён нібыта душыў нейкага вайскоўца, — кажа Наста. — То бок ён патэлефанаваў, што едзе дахаты, і з таго часу мы яго шукалі два дні і не маглі знайсьці. Яго тэлефон быў недаступны».
У Жабінкаўскім РАУС сваякам сказалі, што «намякнуць», дзе яго шукаць.
Потым сваякі самі знайшлі яго ў лякарні, дзе ім спачатку не хацелі паказваць дакумэнты пра яго здароўе. Рэчы забралі сьледчыя. Толькі 14 жніўня сваякам выдалі дакумэнты пра стан здароўя, не засьведчаныя пячаткай, бо галоўны доктар пайшоў у адпачынак. Генадзя Шутава завезьлі спачатку ў абласную лякарню Берасьця і зрабілі там дзьве апэрацыі, а 13 жніўня ў дзесяць гадзін вечара гелікоптэрам даставілі ў менскі вайсковы шпіталь, расказвае дачка Наста.
«У Берасьці 13 жніўня да параненага бацькі пусьцілі старэйшую дачку, а ў Менску нас да яго не пусьцілі, мы яго ня бачылі», — кажа яна.
Хто яшчэ загінуў падчас пратэстаў
Генадзь Шутаў — афіцыйна трэцяя ахвяра акцый пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Першай стаў Аляксандар Тарайкоўскі, які загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі акцыю пратэсту. У МУС заяўлялі, што мужчына хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак відавочцы сьцьвярджаюць, што ў яго нічога не выбухала. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае відэа Associated Press пярэчыць афіцыйнай вэрсіі пра сьмерць Тарайкоўскага16 жніўня ў Гомлі пахавалі 25-гадовага Аляксандра Віхора. Маладога чалавека затрымалі ў Гомелі 9 жніўня. Родныя шукалі сына некалькі дзён, але так і не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі. А калі прыехалі ў РАУС пісаць заяву аб выкраданьні чалавека, ім паведамілі, што сын «знайшоўся» у моргу.
19-гадовага мянчука Арцёма Парукава МУС Беларусі таксама называе загінулым удзельнікам масавых пратэстаў. Па вэрсіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай частцы Партызанскага праспэкта, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад «Рэно».
Сваякі загінулага ня ведаюць, ці сапраўды ён удзельнічаў у масавых акцыях у той дзень. Яны ня вераць у афіцыйную вэрсію сьмерці хлопца і думаюць, што ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям'я чарговага загінулага ўдзельніка пратэстаў ня верыць у вэрсію міліцыі