Звыш 300 лекараў зьвярнуліся да міністра Караніка

Пратэст мэдыкаў у Менску.

Падпісанты адкрытага звароту абураныя і расчараваныя тым, што цяпер адбываецца ў сыстэме аховы здароўя краіны. Яны крытыкуюць міністра за адсутнасьць дыялёгу і ініцыятыву ў дапамозе пацярпелым падчас пратэстаў.

Лекары патрабуюць забясьпечыць допуск спэцыялістаў у месцы зьняволеньня і не перашкаджаць кантактам дактароў з прэсай.

«Міністэрства аховы здароўя павінна арганізаваць цэнтралізаваны збор інфармацыі аб пацярпелых падчас мірных акцый і штодня інфармаваць грамадзкасьць аб колькасьці і стане здароўя пацярпелых, якія знаходзяцца ў стацыянарах, штодня прадастаўляць інфармацыю аб колькасьці тых, хто зьвярнуўся па амбуляторную дапамогу з нагоды траўмаў, атрыманых падчас мірных пратэстаў, бесьперашкодна прадстаўляць інфармацыю ўсім журналістам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працавала ў розных краінах, але такога ня бачыла», — нідэрляндзкая журналістка была моцна параненая ў Менску 

Яны тлумачаць, што ня маюць этычнага права на забастоўку і таму заклікаюць Міністэрства аховы здароўя даказаць, што лекары не бясьсільныя і спыніць насільле.

У лісьце гаворыцца, што многія пацыенты, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту, траплялі ў мэдустановы з кулявымі раненьнямі рознай лякалізацыі, у тым ліку пранікальнымі, з пашкоджаньнем унутраных органаў, міна-выбуховымі траўмамі, у тым ліку з пашкоджаньнем галаўнога мозгу, траўматычнай ампутацыяй канцавінаў, шырокімі дэфэктамі мяккіх тканін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнік былы сьледчы. Ён панёс скаргу на зьбіцьцё АМАПам суседзяў у падʼезьдзе