«Сёньня самавольства і турэмныя катаваньні спрабуюць выдаць за кантроль над сытуацыяй», — зварот берасьцейскіх актораў

Супрацоўнікі Берасьцейскага драматычнага тэатру выступілі супраць гвалту і ў падтрымку купалаўцаў.

«Беларускі народ перажывае драматычны пэрыяд у сваёй гісторыі. І мы, акторы, рэжысэры, музыкі, работнікі тэхнічных і адміністрацыйных падразьдзяленьняў Берасьцейскага акадэмічнага тэатру драмы, ня можам стаяць убаку. Мы абавязаны сёньня сказаць сваё слова. І спадзяёмся, што нас пачуюць.

Гвалту ў Беларусі неабходна пакласьці канец. Немагчыма сілай, страхам і перасьледам людзей за іншую думку навязаць грамадзтву шчасьлівую будучыню. Сёньня самавольства і турэмныя катаваньні спрабуюць выдаць за кантроль над сытуацыяй. Але зьдзекі з свайго народу — гэта прыкмета бездапаможнасьці і слабасьці. Такая пазыцыя вядзе да расколу грамадзтва.

Мы, дзеячы культуры і мастацтва, хочам, каб нашае грамадзтва грунтавалася на даверы і ўзаемадапамозе. Любая творчасьць грунтуецца на выяўленьні ўласнай думкі. Перасьлед творчай асобы за яе асаблівую думку — гэта зьнішчэньне самой сутнасьці мастацтва.

Мы патрабуем спыніць перасьлед творчых людзей. Выказваем падтрымку ўсяму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, чыя будучыня аказалася пад пагрозай.

Лічым неабходным аднавіць на пасадзе генэральнага дырэктара першага драматычнага тэатру краіны Паўла Паўлавіча Латушку, унёсак якога ў разьвіцьцё беларускай культуры немагчыма пераацаніць.

Мы разам!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спыніць выкарыстаньне сілы ў адносінах да мірных людзей» — акторы і супрацоўнікі Купалаўскага тэатра запісалі відэазварот
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акторка Зелянкоўская: «Я ганаруся беларусамі». ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўцы выставілі ўльтыматум міністру культуры: Латушку аднавіць, міністра ў адстаўку. ФОТА