Сьвятлану Ціханоўскую трэба прызнаць пераходным прэзыдэнтам, а новыя выбары правесьці празь пяць-шэсьць месяцаў, заявіў «РИА Новости» экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала, якога ў Беларусі расшукваюць і які знаходзіцца за мяжой.
11-ы дзень пратэстаў. Людзей, якія раніцай прыйшлі падтрымаць страйкоўцаў на МТЗ, сустрэў АМАП
«Яна (Ціханоўская) зьяўляецца пераходным прэзыдэнтам. Яна становіцца кіраўніком дзяржавы. Прызначаюцца новыя выбары — празь пяць-шэсьць месяцаў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй», — сказаў Цапкала, адказваючы на пытаньне, як павінен быць разьвязаны палітычны крызіс у Беларусі.
На думку Цапкалы, перамога Ціханоўскай «цалкам відавочная» і «на падставе гэтай відавочнасьці яна павінна быць адзіным легітымным на гэты момант кіраўніком дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі на прэс-канфэрэнцыі чальцы Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады. ВІДЭА
Таксама Валер Цапкала заявіў у інтэрвію «РИА Новости», што не разумее крытэраў фармаваньня і задачаў створанай беларускай апазыцыяй Каардынацыйнай рады, дадаўшы, што яго туды не запрашалі.
«Не, мяне не запрасілі. Пакуль ня вельмі зразумела, якія крытэры ў гэтай Каардынацыйнай радзе», — сказаў палітык.
Раней паведамлялі, што адабраныя ўжо 55 з 70 чальцоў рады. Адным з крытэраў уваходу ў склад прэзыдыюму зьяўляецца тое, што чалавек мусіць «фізычна знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі».
Першая прэсавая канфэрэнцыя прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адбылася 18 жніўня.