Пра гэта заявіла Марыя Калесьнікава, сябра Каардынацыйнай рады пры Сьвятлане Ціханоўскай.
«У нас гэтае пытаньне наагул не стаіць на парадку дня. Мы расцэньваем заявы Лукашэнкі як спробу маніпуляцыі і падману», — сказала Калесьнікава.
Яна падкрэсьліла, што апазыцыя ў выпадку прыходу да ўлады ня мае намеру адмаўляцца ад дзейных міжнародных дамоўленасьцяў з краінамі-партнэрамі, уключаючы Расею.
«Мы канструктыўна настроеныя да ўсіх замежных партнэраў Рэспублікі Беларусі. Мы лічым, што ўсе наяўныя дамоўленасьці павінныя выконвацца. Мы пацьвярджаем жаданьне і гатоўнасьць выбудоўваць узаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі-партнэрамі, безумоўна, уключаючы Расейскую Фэдэрацыю», — заявіла Калесьнікава.
Раней кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская апазыцыя мае намер вывесьці краіну з саюзнай дзяржавы з Расеяй і з АДКБ і зьліквідаваць расейскія вайсковыя аб’екты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі на прэс-канфэрэнцыі чальцы Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады. ВІДЭА