Дырэктара Ваўкавыскага музэю, які адмовіўся падпісваць выбарчы пратакол, знайшлі мёртвым

Пошукавы атрад «Ангел» паведаміў, што знайшоў цела дырэктара Ваўкавыскага музэю Канстанціна Шышмакова, зьніклага 15 жніўня. Яго цела ратавальнікі знайшлі ў Нёмане. Адміністрацыя атраду «не камэнтуе» абставіны сьмерці і «спадзяецца на разуменьне».

Канстанцін Шышмакоў быў адным з двух чальцоў выбарчай камісіі на ўчастку ў Ваўкавыску, які адмовіўся падпісаць пратакол падліку, пісала раней Tut.by. Наступны тыдзень ён быў у адпачынку, а 15 жніўня выйшаў на працу. У той жа дзень ён патэлефанаваў жонцы каля 17.00 і сказаў: «Я тут працаваць больш ня буду, еду дамоў».

Але дадому малады чалавек так і не прыехаў.

18 жніўня супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музэю і Нацыянальнага гістарычнага музэю выйшлі на акцыю ў ягоную падтрымку, а таксама каб выказаць салідарнасьць з усімі беларусамі, якія прапалі да і пасьля выбараў.