Старшыня Заслаўскага гарвыканкаму Сьвятлана Карташова не падавала ў адстаўку і знаходзіцца на працоўным месцы. Яе сакратарка назвала зьвесткі аб адстаўцы Карташовай «фэйкам і ўкідам».
У прымальні старшыні зьняпраўдзілі інфармацыю аб адстаўцы кіраўніцы гарадзкой адміністрацыі, якая зьявілася ў сацыяльных сетках.
«Сьвятлана Пятроўна працуе, нікуды сыходзіць не зьбіраецца. Шкада, што ў нас людзі вераць чуткам і плёткам. У мяне абрываецца тэлефон, усе пытаюць, што ў нас адбываецца. Працуем. Сьвятлана Пятроўна разам з дэпутатам зьяжджае ў Менскі райвыканкам і упаўнаважыла мяне ўсім адказваць, што нават ніякіх думак аб сыходзе ў яе не было», — паведаміла Свабодзе сакратарка старшыні Заслаўскага гарвыканкаму.
У той жа час жыхары Заслаўя выказваюць незадаволенасьць тым, што яны спрабавалі выклікаць на размову Карташову пасьля масавых жорсткіх затрыманьняў у горадзе, а тая ня выйшла да людзей.
«У мясцовых чатах зьявілася абвестка, што заслаўцы запрашаюць у чацьвер 20 жніўня сабрацца на плошчы перад выканкамам і патрабуюць, каб да людзей выйшлі старшыня гарадзкой адміністрацыі, начальнік міліцыі, старшыні выбарчых камісіяў. Усім ім паведамілі, што людзі чакаюць прадстаўнікоў улады на плошчы», — расказала Свабодзе мясцовая жыхарка Вольга.
Сьвятлана Карташова ўзначальвае Заслаўскі гарвыканкам зь ліпеня 2011 году. Тры тэрміны зьяўляецца дэпутатам гарсавету. У 2014 годзе стала «Жанчынай году» ў намінацыі «За лідэрства і пасьпяховае кіраваньне». У тым жа 2014 годзе была ўключана ў рэзэрву кадраў Савету Міністраў Беларусі на пасаду намесьніцы міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Славаччыне, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі, падаў у адстаўку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўцы выставілі ўльтыматум міністру культуры: Латушку аднавіць, міністра ў адстаўку. ФОТА