Амбасадар Беларусі ў Гішпаніі выказаўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях

Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Валенсіі, Гішпанія, 26 ліпеня 2020

Амбасадар Беларусі ў Гішпаніі Павел Пуставы зьвярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей».

Наконт падзеяў у Беларусі Пуставы адзначыў, што «такая сытуацыя непрымальная ў эўрапейскай дзяржаве ХХІ стагодзьдзя».

Паводле амбасадара, каб мірна вырашыць гэтую сытуацыю, трэба, па-першае, правесьці перападлік вынікаў галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Славаччыне, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі, падаў у адстаўку

Па-другое, дадаў ён, неабходна правесьці «адкрытыя судовыя пасяджэньні» ў адносінах да тых, хто: зьбіваў мірных дэманстрантаў; правакаваў да жорсткасьці сілавікоў, першымі нападаючы камянямі і арматурай; затрымліваў без падставы і зьдзекаваўся з затрыманых; зьдзяйсьняў аўтамабільныя наезды на прадстаўнікоў міліцыі; пагражаў блізкім і сваякам удзельнікаў падзеяў.