Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель правяла тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падчас якой абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, інфармуе прэсавая служба Мэркель.
Паводле прэс-службы, канцлер падкрэсьліла, што беларускія ўлады павінны ўстрымацца ад гвалту ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў, неадкладна вызваліць палітычных вязьняў і ўступіць у агульнанацыянальны дыялёг з апазыцыяй і грамадзтвам для пераадоленьня крызісу.
Крыху пазьней на сайце прэзыдэнта Расеі зьявілася крыху іншая вэрсія зьместу размовы:
З ініцыятывы нямецкага боку адбылася тэлефонная размова Ўладзіміра Пуціна з фэдэральным канцлерам Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына Ангелай Мэркель.
«Грунтоўна разгледжана сытуацыя ў Беларусі, якая склалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. З расейскага боку акцэнтавана непрымальнасьць любых спроб умяшаньня звонку ва ўнутраныя справы рэспублікі, якія вядуць да далейшай эскаляцыі крызісу. Выказана надзея на хуткую нармалізацыю абстаноўкі».
Пасьля выбараў 9 жніўня не было ніякіх тэлефонных размоваў паміж канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта напярэдадні заявіў прэсавы сакратар нямецкага ўраду.
Такім чынам, Бэрлін абверг заяву, якую Аляксандар Лукашэнка зрабіў раніцай 17 жніўня. Выступаючы на Менскім заводзе колавых цягачоў, ён сказаў: «Ужо ўчора тэлефануе Мэркель: „Я хачу пагаварыць“. Гэтыя — Наўседа там і іншыя. „Мы хочам пагаварыць“. Ня трэба мяне нахіляць ні з Захаду, ні з Усходу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі ўрад абверг словы Лукашэнкі пра размову з Мэркель