Сто выкладчыкаў і супрацоўнікаў гімназіі-каледжу мастацтваў імя Ахрэмчыка выказалі салідарнасьць і падтрымку тым, хто «знайшоў моц і мужнасьць не скарыцца пад ціскам цяперашняга рэжыму»:
- настаўнікам, якія праўдзіва праводзілі падлік галасоў;
- журналістам, якія справядліва асьвятляюць апошнія падзеі;
- мэдыкам, якія бясстрашна змагаюцца за жыцьцё і здароўе пакалечаных і затрыманых;
- усім беларусам, якія актыўна выяўляюць сваю грамадзянскую пазыцыю.
«Цяпер нашы суайчыньнікі як ніколі жадаюць, каб іх голас быў пачуты, — гаворыцца ў адкрытым лісьце. — Адны выходзяць з кветкамі і плякатамі і мірна просяць спыніць гвалт. Іншыя патрабуюць дыялёгу ад кіраўніцтва прадпрыемстваў і чыноўнікаў, каб адкрыта выказаць сваё думку аб падзеях да і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі. Ад вечара 9 жніўня людзі штодня праяўляюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю — выходзяць на вуліцы, таму што не прызнаюць сфальсыфікаваныя выбары выбарамі. І мы не прызнаём».
«У адказ на мірныя пратэсты безабаронных людзей б’юць дубінкамі, страляюць, арыштоўваюць, зьдзекуюцца, гвалцяць і забіваюць, —адзначаюць падпісанты. — З гэтым мірыцца нельга. Гэта дараваць нельга. Гэта трэба спыніць. Усім разам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада беларускай інтэлігенцыі прапануе выйсьце з палітычнага крызісу«Да работнікаў культуры і адукацыі, ІТ-індустрыі і аховы здароўя далучыліся рабочыя заводаў і фабрык. Мы, настаўнікі і супрацоўнікі, падтрымліваем патрабаваньні мірных пратэстаў і страйкаў. Ад органаў улады і кіраўнікоў сілавых структураў патрабуем: спыніць гвалт, вызваліць усіх палітвязьняў і затрыманых на мірных пратэстах, правесьці новыя сумленныя выбары прэзыдэнта... На ўроках мы вучым агульначалавечым каштоўнасьцям: свабодзе слова, сумленьня, выказваньню актыўнай жыцьцёвай пазыцыі. Мы ня можам маўчаць і заставацца ў баку», — падсумоўваюць 100 падпісантаў адкрытага ліста.