Купалаўцы выставілі ўльтыматум міністру культуры: Латушку аднавіць, міністра ў адстаўку. ФОТА

Купалаўскі тэатар сёньня.

Размова купалаўцаў зь міністрам культуры Юрыем Бондарам скончылася тым, што купалаўцы заявілі, што наступнага тэатральнага сэзону ня будзе, паклалі перад міністрам заявы аб звальненьні.

10-ы дзень пратэстаў. Праўладныя мітынгі ў Магілёве і Гомлі. Дзень нараджэньня Ціханоўскага пад Валадаркай

Купалаўцы скандавалі міністру «Сыходзь». Акторы далі яшчэ адны суткі, каб міністэрства прыняло рашэньне аднавіць на пасадзе Латушку і каб дзейны міністар падаў у адстаўку.

Міністар тлумачыў, што Павал Латушка звольнены законна, а ў тэатры будзе прызначаны кіраўнік ад Міністэрства культуры. Ён і будзе разглядаць заявы аб звальненьні.

Калі міністар культуры Юры Бондар прыехаў у Купалаўскі тэатар, на вуліцы яго сустрэлі воклічамі «Ганьба!» На сустрэчы міністра з калектывам тэатру прысутнічалі журналісты.

Перад прыездам міністра каля Купалаўскага выступіла Марыя Калесьнікава са словамі падтрымкі Паўла Латушкі і калектыву тэатру.

«Ніякія міністэрствы, ніякія чыноўнікі не павінны ўплываць на творчасьць, творчасьць павінна быць свабоднай», — сказала яна. Калесьнікава казала, што знаёмая з Паўлам Латушкам. Яна лічыць, што ён шмат зрабіў для беларускай культуры на пасадзе міністра культуры.


Будынак тэатру ўпрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі, людзі трымаюць плякаты «Купалаўцы — гонар і сумленьне Беларусі», «Страху больш няма» і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10-ы дзень пратэстаў. Праўладныя мітынгі ў Магілёве і Гомлі. Дзень нараджэньня Ціханоўскага пад Валадаркай