Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманьне работніка Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Судаса.
Паводле праваабаронцаў, менавіта ён здымаў на тэлефон Аляксандра Лукашэнку падчас слоўнага канфлікту з работнікамі.
На якой афіцыйнай падставе затрымалі Андрэя Судаса, пакуль невядома. Ён знаходзіўся ў РУУС Заводзкага раёну Менску. Пазьней ягоны сябар, які размаўляў з жонкай Судаса, паведаміў, што той ўжо дома, але не дае камэнтароў.
Ранкам 17 жніўня Аляксандр Лукашэнка наведаў МЗКЦ, дзе выступіў перад работнікамі, якія запатрабавалі яго сыходу. Пасьля сустрэчы паміж Лукашэнкам і некалькімі работнікамі здарыўся слоўны канфлікт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на МЗКЦ: «Пакуль вы мяне не забʼяце, іншых выбараў ня будзе»Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Андрэй Судас — адзін з суразмоўцаў, чыю тэлефонную размову ўключылі ў дынамікі падчас выступу Лукашэнкі. «Трэба яго паліваць адразу, выходзіць і зараджаць „пайшоў прэч“ і ўсё. Каб людзі толькі ... Галоўнае, каб народ падтрымаў, не марозіўся, не баяўся. Усіх ня звольняць», — кажа адзін з суразмоўцаў на запісу. Пасьля праслухоўваньня запісу рабочыя пачалі скандаваць: «Сыходзь!»
Па інфармацыі выданьня, Судаса і яшчэ чатырох чалавек затрымалі сёньня раніцай, апыталі ў Заводзкім РУУС і вызвалілі пасьля абеду.