У Горадзенскім гарвыканкаме 17 жніўня прайшла сустрэча прадстаўнікоў пратэстоўцаў і ўладаў. Першыя спрабавалі атрымаць адказы на свае патрабаваньні, але не пачулі іх і сышлі.
Бок улады прадстаўлялі старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой, намесьніца старшыні аблвыканкаму Зоя Кулеша, старшыня Горадзенскага абласнога савету дэпутатаў, начальнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Вадзім Сіняўскі, старшыня Горадзенскага абласнога суду Віктар Корзун, дэпутаты, старшыня горадзенскага аддзелу КДБ Аляксандар Невяроўскі.
У групу прадстаўнікоў пратэстоўцаў увайшлі прадстаўнікі «Гродна Азоту», «Хімвалакна», «Гроднажылбуду», прадпрымальнік Дзяніс Швыркін, намесьнік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, дырэктарка Горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка, сябра АГП Ежы Грыгенча, сябра арганізацыі «Гавары праўду» Дзьмітры Бандарчук, дырэктар стадыёну «Нёман» Віктар Шумель.
Прадстаўнікі пратэстоўцаў хацелі атрымаць адказ на свае патрабаваньні, якія яны занесьлі ў гарвыканкам 15 жніўня. Неадкладнае патрабаваньне — вызваліць усіх зьняволеных. Адзін з пунктаў — стварыць супольны орган даверу, дзе будуць прадстаўнікі ад пратэстоўцаў і прадстаўнікі дзейнай ўлады.
Сустрэча ішла 2 гадзіны. Вадзім Сіняўскі паведаміў, што ўсіх палітзьняволеных вызвалілі, аднак удзельнікі сустрэчы заявілі, што ў ізалятары застаюцца затрыманыя. Прадстаўнікі пратэстоўцаў запатрабавалі асобна сьпісы затрыманых і адпушчаных.
Чыноўнікі прапанавалі стварыць супольны орган даверу, аднак прадстаўнікі пратэстоўцаў адмовіліся ад гэтага, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе вязьні.
Урэшце прадстаўнікі пратэстоўцаў вырашылі, што іх «забалбочваюць», «ліюць ваду», а не адказваюць на пытаньні, і сышлі. Яны запатрабавалі, каб чыноўнікі прыйшлі на мітынг на плошчы Леніна 17 жніўня а 19 гадзіне.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9-ы дзень пратэстаў. Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідэрам. Рабочыя на сустрэчы з Лукашэнкам: «Сыходзь!»