«Ганаруся!» — Ціма Беларускіх пра ўчорашні «Марш Свабоды»

Пратэстоўцы на праспэкце Незалежнасьці, 16 жніўня

Папулярны сярод моладзі сьпявак Ціма Беларускіх падтрымаў на Instagram мірных пратэстоўцаў, якія ўчора прайшлі вуліцамі сталіцы і іншых гарадоў, а потым сабраліся на галоўных плошчах і выказалі нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

«Аднойчы я ўзяў сабе псэўданім у гонар цэлай краіны, у імя таго, каб як мага больш людзей здолелі даведацца пра такое цудоўнае месца, як Рэспубліка Беларусь. Сёньня, са сьлязьмі на вачах, я пішу гэты пост з трыма гучнымі ГАНАРУСЯ ГАНАРУСЯ ГАНАРУСЯ», — напісаў ён.

16 жніўня каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся больш за сто тысяч чалавек. Прыхільнікі пераменаў занялі ўсю тэрыторыю каля стэлы, ля музэю Вялікай айчыннай вайны, на прылеглых вуліцах, праспэкце Пераможцаў і ў парках, прычым людзі не выходзілі на праезную частку.

Паводле розных падлікаў, на вуліцы Менску выйшла да паўмільёна прыхільнікаў пераменаў. Раніцай на плошчы Незалежнасьці адбыўся мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, на якім выступіў ён сам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбыўся найбольшы мітынг у гісторыі Беларусі. ФОТА