Вялікая Брытанія не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі

Дамінік Рааб

Вялікая Брытанія не прызнае вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Злучанага Каралеўства Дамінік Рааб. Тэкст заявы апублікаваны на сайце МЗС Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9-ы дзень пратэстаў. Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідэрам. Рабочыя на сустрэчы з Лукашэнкам: «Сыходзь!»

«Сьвет з жахам назіраў за гвалтам, які чыняць беларускія ўлады для задушэньня мірных акцый пратэсту, якія пачаліся за гэтымі сфальсыфікаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі, — сказаў Рааб. — Вялікая Брытанія не прызнае вынікаў выбараў. Нам тэрмінова неабходна правесьці праз АБСЭ незалежнае расьсьледаваньне парушэньняў, празь якія выбары былі несумленнымі, а таксама гнюсных рэпрэсій, якія пачаліся за імі».

Ён падкрэсьліў, што Вялікая Брытанія сумесна зь міжнароднымі партнэрамі будзе «дамагацца ўвядзеньня санкцый супраць вінаватых і прыцягваць да адказнасьці беларускія ўлады».