Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выступіла са зваротам. Яна заявіла, што краіна перажывае цяпер вельмі складаны пэрыяд сваёй гісторыі і ў гэты пэрыяд людзі павінны зрабіць свой выбар.
Ціханоўская заклікала падтрымаць сем’і пацярпелых і забітых, а таксама выказала спадзяваньне, што іх імёнамі ў будучыні назавуць вуліцы ў беларускіх гарадах.
«У мяне няма і не было ілюзій наконт сваёй палітычнай карʼеры. Я не хацела быць палітыкам. Але лёс вызначыў так, што я апынулася на самой пярэдняй лініі супрацьстаяньня з свавольствам і несправядлівасьцю. Лёс і вы. Вы, якія паверылі ў мяне, якія далі мне сілы. І цяпер, кожную хвіліну, я захапляюся вашай мужнасьцю, вашай самаарганізацыяй, і тым, якія вы ўсе моцныя і сьветлыя.
Я гатовая прыняць на сябе адказнасьць і выступіць у гэты пэрыяд у якасці нацыянальнага лідэра. З тым, каб краіна супакоілася, увайшла ў нармальны рытм. Каб мы вызвалілі ўсіх палітвязьняў і ў самыя кароткія тэрміны падрыхтавалі заканадаўчую базу і ўмовы для арганізацыі новых прэзыдэнцкіх выбараў. Рэальных, сумленных і празрыстых выбараў, якія будуць безумоўна прынятыя сусьветнай супольнасьцю.
За мінулыя месяцы стала цалкам відавочным для ўсяго сьвету, што беларусы — гэта людзі, якія ўмеюць самаарганізавацца, прымаць правільныя рашэньні і здольныя пастаяць за сябе і за сваіх блізкіх. Але самае галоўнае — што гэта ўсьвядомілі мы самі. Гэта тое ўсьведамленьне, якога нам не хапала доўгія гады. Беларусы сёньня праяўляюць цуды гераізму, салідарнасьці і прыстойнасьці. Раз за разам мы дэманструем сьвету сваю адданасьць ідэям негвалтоўнага супраціву, і гэтым мы даказваем, што праўда не на баку сілы зброі — праўда на баку сілы духу: сумленнасьці, прыстойнасьці і адвагі.
Гэтыя сыгналы будуць абавязкова пачутыя, і мы атрымаем у свае шэрагі прыхільнікаў ва ўсім сьвеце, якія дапамогуць нам прайсьці гэты складаны пэрыяд. І ў тым ліку мы зможам вярнуць краіне энэргію тых беларусаў, якія воляю лёсаў апынуліся ў іншых краінах сьвету. Яны такія ж, як і мы, і сёньня яны робяць усё магчымае, каб перамены хутчэй прыйшлі ў наша жыцьцё. Упершыню за доўгія гады мы змаглі стаць адным цэлым — беларусамі; тымі, хто любіць сваю краіну».