Дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен на плошчы Незалежнасьці. ФОТА

Дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен сабраліся на сталічнай плошчы Незалежнасьці.

За помнікам Леніну стаяць турнікеты, якія нікім не ахоўваюцца, бліжэй да Дому ўраду — адзін ахоўнік.

Асобнай групай прыйшлі былыя дэсантнікі з транспарантам «ПДВ з народам». Іх віталі захопленымі воклічамі «Малайцы!».

На помніку Леніну зьявіліся розныя плякаты, у тым ліку «Ціханоўская наш прэзыдэнт». Людзі скандуюць: «Трыбунал!», «Сыходзь!», «Звольнены!», «Свабоду палітвязьням!».

Да журналістаў падыходзяць удзельнікі акцыі і заяўляюць, што прыйшлі на покліч сэрца, а не па разнарадцы.

Пасьля поўдня на плошчы Незалежнасьці прайшоў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Ён таксама прыбыў на плошчу і ў сваім выступленьні паўтарыў, што ўладу аддаваць не зьбіраецца.