Праваабаронцы цэнтру «Вясна» зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з заявай, у якой патрабуюць неадкладна распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да сілавікоў, якія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі пры разгоне мірных дэманстрантаў.
У заяве адзначаецца, што з 9 па 13 жніўня ў розных месцах Менску і іншых гарадоў Беларусі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства абароны ажыцьцяўлялі адвольныя затрыманьні грамадзян, пасьля чаго адбываліся катаваньні і акты жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня.
«Мы, чальцы праваабарончага цэнтру „Вясна“, патрабуем неадкладнага распачынаньня крымінальнай справы па фактах гэтых інцыдэнтаў па прыкметах арт. 128, 426, 455 Крымінальнага кодэксу, правядзеньня расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых асоб, — гаворыцца ў заяве. — У адпаведнасьці з артыкулам 128 КК „Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва“ зьяўляецца злачынствам незаконнае ўтрыманьне ў зьняволеньні, выкраданьне людзей, за якім ідуць катаваньні ці акты жорсткасьці, што ўчыняюцца ў сувязі з палітычнымі перакананьнямі цывільнага насельніцтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «26 гадоў кашмару павінна скончыцца!». Рэзалюцыя мітынгу ўдзельнікаў Маршу свабоды