Палітычна аглядальнік Арцём Шрайбман апублікаваў у сваім тэлеграм-канале тэкст зь пералікам дзесяці прычын, чаму ён ня верыць у магчымасьць вайсковай інтэрвэнцыі з боку Расеі.
Аналіз добры, цалкам згодны і падпісваюся пад кожным словам. За выключэньнем вельмі няўдалага паскрыптуму. Вось яго поўны тэкст:
«P. S. Для того чтобы не допустить такого сценария в будущем, переходной белорусской власти в случае победы не стоит на эйфории сразу же трогать советские памятники, менять символику или отменять государственный статус русского языка. Но учитывая, что дел будет море, а по всем доступным опросам, эти меры в Беларуси не поддерживает большинство, не вижу причины думать, что переходная власть свихнется и начнет этим вообще заниматься. Всему свое время».
Цяпер сапраўды выказваюць розныя погляды на тэму вяртаньня канстытуцыі 1994 году. І галоўная падстава для сумненьняў — статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай у той канстытуцыі. Штабам Віктара Бабарыкі была нават агучаная ідэя правядзеньня рэфэрэндуму аб вяртаньні канстытуцыі 1994 году, якую пасьля паўтарала і Сьвятлана Ціханоўская.
Я асабіста, як і многія іншыя палітыкі, юрысты і журналісты, лічу, што для вяртаньня канстытуцыі 1994 году рэфэрэндум не патрэбны, бо яна застаецца адзінай законнай і легітымнай канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Усе захады рэжыму Лукашэнкі, пачынаючы ад рэфэрэндуму 1995 году, былі нелегітымныя і лёгка могуць быць прызнаныя такімі новым прафэсійным складам Канстытуцыйнага суду. І, паклаўшы руку на сэрца, нельга не прызнаць, што правы расейскамоўных жыхароў Беларусі ў Канстытуцыі 1994 году ніяк не ўшчамляліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыя беларусаў закончыла фармаваньне. На чарзе — перамога беларускай мовы
Але сёньня я не пра мову, я пра сымболіку.
Нацыянальную сымболіку, якая была дзяржаўнай у 1991–1995 гадах, ужо дэ-факта вярнуў сабе беларускі народ.
Сотні і сотні акцыяў салідарнасьці па ўсім сьвеце за апошнія месяцы, дзясяткі мітынгаў аб’яднанага штабу падчас выбарчай кампаніі і, галоўнае, акцыі супраціву тысяч і тысяч людзей пачынаючы з 9 жніўня прайшлі і праходзяць пад нацыянальнай сымболікай.
Пад імі ўжо пралітая кроў змагароў за свабоду. Зь імі ідуць па вуліцах беларускіх гарадоў трактарабудаўнікі, шахтары, праграмісты, іх паўсюль уздымаюць і вывешваюць на сваіх дамах і ў кватэрах простыя жыхары на захадзе, усходзе, поўначы і поўдні краіны.
Людзі бяз розьніцы моваў, на якіх яны гавораць, прызналі бел-чырвона-белы сьцяг, герб Пагоню і вокліч «Жыве Беларусь» галоўнай сымбалічнай і сутнаснай альтэрнатывай дыктатуры.
Гэта і ёсьць рэфэрэндум аб вяртаньні і сымболікі, і ўсёй Канстытуцыі 1994 году. І гэтаму не патрэбныя доказы — проста зайдзіце ў інтэрнэт. Але палітычны аглядальнік (!) Шрайбман раптам кажа, што «по всем доступным опросам, эти меры в Беларуси не поддерживает большинство».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня трэба шукаць нацыянальнай ідэі. Ёсьць толькі адна альтэрнатыва Лукашэнку — бел-чырвона-белая
Ня мной сказана — сымболіка вызначае зьмест і вэктар руху і разьвіцьця. Магчыма, Арцём Шрайбман зьяўляецца прыхільнікам нейкага «трэцяга шляху»? Але тады так і трэба казаць, а не хаваць свае думкі і мары ў пастскрыптумы.
Я ўжо бачыў у ФБ размовы, што некаму, хто цяпер далёка ад Беларусі, хацелася б быць у Менску і «браць удзел у распрацоўцы новага сьцягу краіны» (ня буду называць імя з увагі на адзінкавы факт і грамадзкую нязначнасьць пэрсоны). Спадзяюся, што палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман не належыць да ліку людзей, якім карціць прыдумаць новую нацыянальную сымболіку.
Самае горкае
Але асаблівую горыч выклікала ўжываньне Арцёмам Шрайбманам слова «свихнется».
Тут і непатрэбнае запазычаньне лексыкі дыктара, які любіць называць нейкіх прыдуманых ім «сьвядомых» і «свихнутыми», і «майданутыми».
Але значна горш, што Арцём Шрайбман лічыць тых, хто адразу пасьля сыходу Лукашэнкі мог бы пачаць вяртаньне нацыянальнай сымболікі, «свихнутыми».
На нашых вачах народ нацыянальную сымболіку ўжо вярнуў і прызнаў яе сакральны, містычны статус. І называць прыхільнікаў неадкладнага вяртаньня нацыянальнай сымболіцы дзяржаўнага статусу «свихнутыми» — гэта значыць абражаць тых, хто пад бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй цярпеў і паміраў у Менску і іншых гарадах Беларусі 9, 10 і 11 жніўня і цярпіць далей у турмах і лякарнях.
Пасьля такіх няўдалых фразаў у прыстойных людзей прынята выбачацца.