Хвіліна маўчаньня мэдыкаў, «ланцугі» супраць гвалту. Магілёў у 7-ы дзень пратэсту супраць вынікаў выбараў. ФОТА

У Магілёве раней не было столькі бел-чырвона-белых сьцягоў

15 жніўня ў Магілёве мэдыкі ўшаноўвалі памяць тых, хто загінуў падчас пратэстаў, простыя гараджане патрабавалі сустрэч з старшынямі гарвыканкаму і аблвыканкаму, а калі гэта не ўдалося, зладзілі ланцуг супраць гвалту на цэнтральнай вуліцы гораду — Першамайскай, на якой будынак гарадзкой адміністрацыі.

Жалобная стужка, кветкі і сьвечкі ў памяць пра забітых і пацярпелых ад сілавікоў за час пратэстаў супраць вынікаў выбараў

Больш за 50 мэдыкаў прайшлі цэнтральнымі вуліцамі гораду ў белых халатах. У галаве калёны несьлі чорную стужку з надпісам «Памяці тых, хто загінуў і пацярпеў ад гвалту за праўду», а таксама вянком ды лямпадкамі. Мінакі шэсьце мэдыкаў віталі воплескамі, воклічамі «Жыве Беларусь!», «Малайцы!», «Дзякуй!».

Мэдыкі падчас шэсьця

На плошчы Славы ля вечнага агню памяць аб тых, хто загінуў і пацярпеў падчас пратэсту супраць вынікаў выбараў, ушанавалі хвілінай маўчаньня.

Мінакі вітаюць мэдыкаў

«Мы апалітычныя. Мы за тое, каб усё было мірна, а гэтай акцыяй мы ўшаноўваем тых, хто пацярпеў ад рук сілавых структураў», — кажа адзін з удзельнікаў Дзьмітры.

Ля вечнага агню на плошчы Славы

Дзень у Магілёве пачаўся з «ланцуга» супраць гвалту на плошчы Леніна, на якой стаіць будынак аблвыканкаму. На ўзбочыне праезнай часткі праспэкту Міру сабралася пад 500 чалавек. Дзьве сотні зь іх правялі мітынг, на якім заклікалі кіраўніка вобласьці Леаніда Зайца «вызваліць закладнікаў» і «сустрэцца з народам».

Ланцуг супраць гвалту насупраць аблвыканкаму

Адзін з удзельнікаў, Валадар Цурпанаў, сьцьвярджае, што на асабістым прыёме намесьнік пракурора заявіў пра існаваньне штабу, створанага аблвыканкамам для кантролю сытуацыі ў вобласьці. Актывіст лічыць, што гэты штаб каардынаваў разгон акцыяў пратэсту сілавікамі.

Мітынг на плошчы Леніна з патрабаваньнем сустрэчы зь Леанідам Зайцам

На думку Цурпанава, кіраваў штабам старшыня аблвыканкаму Леанід Заяц, які ведаў пра зьбіцьцё. Таму мітынгоўцы і чакалі ад чыноўніка тлумачэньняў, чаму той не прадухіліў масавыя затрыманьні і гвалт. Да людзей ён ня выйшаў.

На плошчы Леніна

Калі пачаўся мітынг, з плошчы Леніна зьехалі два пасты ДАІ. З будынку аблвыканкаму сачылі за дзеяньнямі пратэстоўцаў.

На праспэкце Міру

Пасьля плошчы Леніна пратэстоўцы перайшлі на пляцоўку перад гарвыканкамам. Там спрабавалі сустрэцца з кіраўніком гораду Ўладзімерам Цумаравым, які зранку быў на працоўным месцы. Калі да будынку прыйшлі пратэстоўцы, то, паводле Валадара Цурпанава, ахоўнік пераказаў жаданьне плошчы сустрэцца з мэрам і той адказаў «добра». Пазьней міліцыянт паведаміў, што Цумараў «прасіў прыходзіць у панядзелак, у прыёмны дзень».

Жыхары гораду прыйшлі да кіраўніка гораду Цумарава пагутарыць

Паўтысячы чалавек засталіся перад гарвыканкамам, утварыўшы ланцуг паабапал праезнай часткі вуліцы Першамайскай. На ёй заставаліся дапазна.

Побач з гарвыканкамам. Ланцуг ля яго расьцягнуся на 500 мэтраў і трываў дапазна

Мала хто прамінуў нагоду сфатаграфаваць ланцуг супраць гвалту на Першамайскай