Каля будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка ў Менску сабраліся тысячы людзей. Яны стаялі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і лёзунгамі:«Праўду!», «Страйк!», «Адпускай», «Трыбунал» ды іншымі. Свабода вяла жывую трансьляцыю зь месца падзей.
Улагоджваць канфлікт прыехала старшыня Савету Рэспублікі, былая кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава. За агароджай стаялі байцы ўнутраных войскаў з аўтаматамі.
21.50. Асьвятляльнік Уладзімер Цітарэнка, які 13 год працуе на БТ, сказаў, што нічога не чакаў ад Качанавай, якая гаварыла «словамі прэзыдэнта». Паводле яго, супрацоўнікі дамовіліся сабрацца ў панядзелак, бо сёньня ў выходны дзень сабралося мала людзей. Суразмоўца сказаў, што каля 80% тэхнічнага пэрсаналу БТ гатовы выйсьці на забастоўку. «Усё вырашыцца ў панядзелак».
Паводле яго, кіраўнік Белдзяртэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант паабяцаў, што ў эфір будуць выходзіць праўдзівыя навіны. «Спадзяюся, там паведамяць і пра гэты мітынг», — сказаў Уладзімер Цітарэнка.
21.20. Відэаінжэнэр Агенцтва тэленавінаў (АТН) БТ, якая не назвала сябе, сказала ў стрыме Свабоды, што «адбываецца тое, што даўно мусіла адбыцца». «Усе бачаць, чаго хочуць людзі. мы таксама ня можам рабіць тое, што рабілі раней». Паводле жанчыны, калі «мы будзем працягваць рабіць тое, што робім цяпер, то перамены будуць». Яна паведаміла, што апроч АМАПу ўсярэдзіне будынка «спакойна стаяць» і салдаты.
21.02. Усярэдзіне офіса БТ са здымкаў фатографаў карэспандэнт Свабоды пабачыў сілавікоў са шчытамі, але бяз шаломаў.
20.20. Людзі працягваюць стаяць ля офісу БТ. Адзін з прысутных паведаміў у жывым эфіры Свабоды, што бачыў зь іншага боку будынку аўтамабіль Натальлі Качанавай.
19.55. 6 АМАПаўцаў зайшлі ў будынак «Белтэлерадыёкампаніі». Іх сьвістам, гулам і крыкамі абурэньня вітаў натоўп. Пратэстоўцы скандуюць «Не забудзем! Не прабачым!»
19.47. Натоўп сустракае воклічамі «Малайцы» супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія выходзяць з будынку. Галоўны апэратар заабаўляльных перадач Віктар Чарнаморац кажа, што за 25 гадоў яго працы на БТ не было падобнай сытуацыі.
19.32. Тэлеапэратар Андрэй Ярашэвіч назваў сустрэчу «бессэнсоўнай». Паводле яго, Качанава лічыць, што ніхто з пратэстоўцаў не пацярпеў, наадварот, гэта амапаўцаў «душылі машынамі і закідвалі кактэйлямі Молатава». Таму, маўляў, і прасіць прабачэньня няма за што. Па яго словах, з такой «непрабівальнай сьцяной» нешта абмяркоўваць бяссэнсоўна.
19.25. Сыстэмны адміністратар Андрэй сам удзельнічаў у акцыі 9 жніўня і запэўнівае, што амапаўцы самі справакавалі бойню. Таму ён абураны, што дзяржаўныя каналы падавалі гэта як напад агрэсійнага натоўпу. А 9-й гадзіне на БТ будзе абвешчаны страйк, перакананы ён. Паводле асыстэнта гукарэжысэра Дар'і Вайтовіч, на гэты момант 306 супрацоўнікаў гатовыя далучыцца да бестэрміновага страйку, збор подпісаў працягваецца.
19.14. Гукарэжысэр Аляксей, які не назваў сваё прозьвішча, расказаў, што на сустрэчы Натальлі Качанавай, кіраўніка БТ Івана Эйсманта і яго жонкі Натальлі, прэсавай сакратаркі Лукашэнкі, прысутнічаюць каля ста супрацоўнікаў розных каналаў. Аднак канструктыўнай размовы няма. Чыноўнікі, ягонымі словамі, гнуць сваю лінію: у краіне ўсё добра, а сытуацыю «баламуціць» апазыцыя.
Таму ён перакананы, што выйсьце толькі адно — страйк. «Мне хочацца, каб нарэшце перастала быць сорамна, дзе я працую», — падсумаваў Аляксей.
На ўваходзе ў будынак хтосьці паклаў бел-чырвона-белы дыванок з надпісам «Сумленьне». Каб кожны, хто выходзіць, задумаўся адносна непазьбежнасьці свайго грамадзянскага выбару.
19.06. Да будынку БТ прыйшла з букетам белых кветак Марыя Калесьнікава, якую гучна віталі тысячы людзей. Былая каардынатарка аб’яднанага штабу заявіла, што ад дзяржаўных журналістаў патрабуецца толькі адно — павага да сваіх гледачоў і чалавечая салідарнасьць.
18.59. Як аказалася, супрацоўнікі БТ самі апублікавалі ў сацыяльных сетках заклік да людзей, каб тыя прыйшлі падтрымаць страйк дзяржаўных журналістаў, якім надакучыла існаваць у атмасфэры татальнай няпраўды.
Сустрэча Качанавай з тэлевізыйным калектывам працягваецца, расказаў адзін з супрацоўнікаў, які выйшаў з будынку. Па яго словах, бакі да згоды пакуль не прыйшлі і пытаньне аб страйку застаецца адкрытым да панядзелка 17 жніўня.
Выходзяць 10 супрацоўнікаў са знакам «вікторыя», усіх вітаюць. Адна зь іх, Галіна, сказала, што размова цяжкая, на складаныя пытаньні адказаў няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыторыка дзяржаўных СМІ мяняецца: на АНТ паказалі сюжэт пра «мірныя акцыі пратэсту»
Як расказала карэспандэнту Свабоды супрацоўніца каналу «Беларусь 3» Натальля Бібікава, калектыў запатрабаваў ад свайго старшыні Івана Эйсманта спыніць паказваць хлусьню і расказаць праўду пра маштаб міліцэйскага гвалту.