«Пхалі дубінку ў горла, білі ў вочы». Школьнік трапіў у кому пасьля нападу АМАПу. ВІДЭА

12 жніўня супрацоўнікі АМАПу напалі на 16-гадовага Цімура М., які ішоў да свайго сябра. Хлопец, які сёлета скончыў 9 клясу, трапіў у рэанімацыю, яго ўводзілі ў кому і падключалі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Як расказала Свабодзе маці пацярпелага Тацяна, зьбівалі яе сына ў Фрунзэнскім і Партызанскім РУУС Менску.

Пра тое, што Цімур у рэанімацыі 3-га клінічнага дзіцячага шпіталя, сям'і павеламілі са школы, дзе хлопец вучыцца.

«Ён выйшаў з дому і паехаў да сябра. На Захадзе-3 з аўтобуса выйшлі людзі і пачалі ўсіх біць дубінкамі, — пераказвае словы Цімура яго сястра Кацярына пасьля адведак брата. — Яго таксама пачалі біць і запхнулі ў аўтазак. Там людзей клалі штабэлямі, а сілавікі сядалі зьверху. Ужо ў РУУС Цімуру засунулі ў горла дубінку, нагой пхалі ўсярэдзіну. Прымушалі сьпяваць гімн. Цімур казаў, што яму 16 гадоў, але гэта іх не зьбянтэжыла».

Пасьля Цімуру ўсё ж выклікалі хуткую. Цяпер ён у рэанімацыі і ня можа бачыць, вочы і твар апухлыя.

«Ён быў у коме, бо ён ня мог дыхаць, падключалі да апарату ШВЛ. Але цяпер ён ужо пачаў ачуньваць, кажа, што ўсё баліць, таксама яму вельмі страшна», — дадае Кацярына.

Сям’я зьвярнулася ў пракуратуру, пачаты разбор.