ПАдчас відэасустрэчы 14 жніўня міністры замежных спраў Эўразьвязу вырашылі папрасіць Эўракамісію выпрацаваць праект санкцый супраць беларускіх уладаў у сувязі з падзеямі ў Беларусі падчас прэзыдэнцкай кампаніі і пасьля яе.
Пра гэта паведамляе карэспандэнт Свабоды ў Брусэлі са спасылкай на міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса і іншыя крыніцы.
Лінкявічус, у прыватнасьці, сказаў:
«У нас было некалькі канкрэтных прапаноў. Як і многія іншыя, я таксама прапанаваў увесьці індывідуальныя санкцыі супраць тых, хто фальсыфікаваў выбары, і тых, хто ўжываў празьмерную сілу — супраць кіраўніцтва міністэрства ўнутраных справаў і кіраўніцтва АМАПу. Я б сказаў, большасьць падтрымала гэта, і Эўракамісія пачне тэхнічны працэс. Тады я таксама прапанаваў стварыць фонд для ахвяраў рэпрэсій. Гэтая прапанова атрымала шырокую падтрымку, у тым ліку Эўракамісіі. Таму я спадзяюся, што мы распрацуем падрабязнасьці і ўмовы. (…) Я таксама падтрымаў ініцыятыву пасяджэньне Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве. (…) Хутчэй за ўсё, будзе арганізавана нейкая місія, каб паехаць у Менск і шукаць дадатковую інфармацыю пра тое, што там адбываецца. І, безумоўна, вельмі важна наладзіць дыялёг у грамадзтве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Нямеччыны заявіў, што 14 жніўня могуць прыняць рашэньне пра санкцыі Эўразьвязу14 жніўня кіраўнікі МЗС краін ЭЗ сабраліся на пазачарговае пасяджэньне, каб абмеркаваць сваю рэакцыю на сытуацыю ў Беларусі.
Шосты дзень у Беларусі працягваюцца акцыі пратэстаў супраць вынікаў выбараў, пераможцам якіх Цэнтравыбаркам назваў Аляксандра Лукашэнку. У выніку пратэстаў сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек, сотні людзей атрымалі сур'ёзныя пашкоджаньні, раны. Многія заяўляюць пра катаваньні супрацоўнікамі АМАПу.