Працоўныя Менскага трактарнага заводу рушылі ў цэнтар сталіцы, у Салігорску — страйк шахтароў. Свабода вяла відэатрансьляцыю зь месцаў падзеяў.
14 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі праходзілі мірныя акцыі супраць гвалту і афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. На страйк выйшлі працоўныя прадпрыемстваў. Рабочыя МТЗ рушылі ў цэнтар Менску, да Дома ўраду, калі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, прыехаўшы на завод, ня выйшаў да іх на перамовы.
У Салігорску сабраліся тысячы працоўных «Беларускалія», яны запатрабавалі расфармаваньня атраду АМАП, прызнаньня выбараў 9 жніўня незаконнымі і запатрабавалі новых выбараў з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама вызваленьня ўсіх палітзьняволеных. Працоўныя прапанавалі прыпыніць працу на няпэўны тэрмін.
Менск
21.20. Акцыя пратэсту ля Дома ўрада ў Мінску доўжылася прыблізна чатыры гадзіны. У ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
21.15. Ля Дома ўрада заставаліся лічаныя дзясяткі грамадзян. Сілавікі са шчытамі па-ранейшаму ахоўваюць падыход да будынка. Праваахоўнікі не рабілі ніякіх дзеянняў, назіралі за тым, што адбываецца.
Метрапалітэн прыблізна ў 20.30 закрыў выхад станцыі метро "Плошча Леніна" з боку плошчы Незалежнасці "ў мэтах бяспекі".
21:00. Паступова людзі пачынаюць разыходзіцца з плошчы Незалежнасьці. Яны скандуюць «кожны дзень!», што значыць, зьбіраюцца кожны дзень прыходзіць на плошчу. Таксама напрыканцы людзі абвясьцілі «хвіліну маўчаньня» па загінулым на пратэстах.
20:20. Як паведамляе з плошчы Незалежнасьці карэспандэнт Свабоды, да людзей прыйшоў былы міністар культуры і амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка. Ён запатрабаваў адстаўкі міністра МУС Алега Караева і ягоных намесьнікаў у сувязі з гвалтам да мірных грамадзянаў 9,10,11 і 12 жніўня.
Павал Латушка паведаміў, што «ён са сваім калектывам і не можа заставацца ў баку». Таксама былы чыноўнік паставіў пад сумнеў вынікі выбараў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы міністар культуры Латушка прыйшоў на мітынг да Дома ўраду і запатрабаваў адстаўкі кіраўніка МУС19:45. На плошчы Незалежнасьці ў Менску працягваецца стыхійны мітынг з некалькіх тысяч чалавек. Людзі стаяць ужо некалькі гадзінаў і патрабуюць размовы з прадстаўнікамі ўлады. Яны скандуюць «Мы не сыйдзем!» і «Размова!».
19:14. Да пратэстоўцоў далучыліся супрацоўнікі «Беларускай чыгункі», яны прыйшлі арганізаванай калёнай з Інстытуту культуры. Цяпер, па словах супрацоўнікаў «Беларускай чыгункі» на плошчы Незалежнасьці прысутнічае каля 150 супрацоўнікаў прадпрыемства.
19:03. Вайскоўцы, якія стаяць у ачапленьні каля Дому ўраду, папрасілі пакінуць плошчы Незалежнасьці «у парадку», то бок прыбраць месца пасьля сыходу.
18:54. На плошчы Незалежнасьці працягваецца спантанны мітынг. Пратэстоўцаў ніхто не разганяе, частка пратэстоўцаў села на зямлю, каб «не дапусьціць правакатараў». Вайскоўцы, якія стаяць у ачапленьні каля Дому ўраду абяцаюць, што «калі пратэст будзе мірным, сіла ўжывацца не будзе».
18:34. Вайскоўцы размаўляюць з людзьмі, ідзе дыялёг. Вайсковец вельмі ветліва гаварыў з пратэстоўцамі. І сказаў, што ў яго няма інфармацыі, што «да людзей едуць аўтазакі і вадамёты».
18:17. На плошчу Незалежнасьці ў Менску прыйшлі працоўныя Менскага трактарнага заводу. Таксама працоўных прыйшлі падтрымаць іншыя людзі, да пратэстоўцаў прыйшоў паэт, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімір Някляеў. Відавочцы паведамляюць, што да людзей едуць аўтазакі і вадамёты. Пратэстоўцы вырашылі сесьці на зямлю, каб падкрэсьліць, што пратэст мірны. Перад Домам ураду стаяць жаўнэры ўнутраных войскаў, але не чапаюць пратэстоўцаў.
Салігорск
17:52. Людзі ў Салігорску вельмі эмацыйна патрабуюць спыніць гвалт у адносінах да людзей. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што ягоную дачку «выкінулі з ізалятара як сабаку», але ёй дапамаглі валянтэры. Людзі запатрабавалі вызваліць усіх тэрмінова.
17:45. Гэндырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты паабяцаў, што «факты гвалту будуць разгледжаныя». Ён сказаў, што «ён з калектывам і заклікаў не пачынаць забастоўку». Людзі яго не падтрымліваюць. А крычаць «хопіць чытаць гэтыя мантры». Людзі крычаць «Сыходзь!»