Лідэры палітычных партыяў і рухаў падпісалі дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў канстатавалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня перамогу атрымала Сьвятлана Ціханоўская. На гэтай падставе яны запатрабавалі неадкладнага сыходу ў адстаўку Аляксандра Лукашэнкі — як кандыдата, які не атрымаў падтрымкі народу Беларусі і ажыцьцявіў сілавы захоп і ўзурпацыю ўлады.
Таксама падпісанты патрабуюць неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцыяў пратэстаў і палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада беларускай інтэлігенцыі прапануе выйсьце з палітычнага крызісу«Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў КДБ і КДК Валерыя Вакульчыка і Івана Тэртэля, якія шантажавалі расправай над мужам і дзецьмі Сьвятлану Ціханоўскую і прымусілі яе зьехаць з краіны. Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў МУС і АМАП Юрыя Караева і Юрыя Падабеда за ўчыненыя іх падначаленымі жорсткія расправы і зьверствы, неабгрунтаваны гвалт, катаваньні з чалавечымі ахвярамі, ужываньне траўматычнай і агнястрэльнай зброі ў адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Патрабуем адстаўкі і арышту чальцоў ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай за арганізацыю масавых фальсыфікацыяў, якія прывялі да сілавога захопу і ўзурпацыі ўлады».
Лідэры партыяў і рухаў заклікалі грамадзянаў, у тым ліку працоўныя калектывы, не спыняцца, нарошчваць актыўнасьць сваім удзелам у мірных акцыях пратэсту супраць сфальсыфікаванага галасаваньня і абараніць сапраўдныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганцы» патрабуюць пакараць міліцыянтаў за перавышэньне паўнамоцтваўПадпісаліся: старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня ПСП Уладзімер Навасяд, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.