Пратэстоўцы з МТЗ рушылі да Дому ўраду. Прэм'ер зь імі не сустрэўся. Абнаўляецца

Пратэст рабочых на МТЗ

На пляцоўцы за прахадной Менскага трактарнага заводу (МТЗ) адбываецца мітынг рабочых.

16.20.

Да калёны пратэстоўцаў МТЗ далучаюцца новыя людзі, зьяўляюцца сьцягі. Агульная колькасьць прыблізна 3 тысячы чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды. На вуліцы Даўгабродзскай да галавы калёны пад’ехала машына ДАІ. Праз гукаўзмацняльнік інспэктар папярэдзіў, што ўдзельнікі маршу «парушаюць правілы дарожнага руху». У адказ пачуліся сьвіст і воклічы «Сыходзь». Людзі стараюцца ісьці па ходніках, але нейкая частка займае правую аўтамабільную паласу. Машына ДАІ прыстроілася наперадзе і павольна рухаецца на чале, як эскорт.

А 15.30 на МТЗ прыехаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт Свабоды.

Пасьля таго, як адміністрацыя адмовілася пускаць на тэрыторыю заводу незалежную прэсу, рабочыя абсьвісталі кіраўніка ўраду і пад воклічы «Сыходзь!» адмовіліся зь ім размаўляць.

Першая зьмена, якая выйшла на пляцоўку перад прахадной, патрабуе, каб Галоўчанка выйшаў да людзей. Крычаць «Жыве Беларусь!» і «Сьвета! Сьвета!» — такім чынам выказваючы падтрымку кандыдатцы ў прэзыдэнты Сьвятлане Ціханоўскай.

Прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, як перадае карэспандэнт Свабоды, праігнараваў мітынгоўцаў на плошчы перад заводам і пайшоў да адміністрацыі МТЗ, рабочыя пачалі марш да Дому ўраду.

Паводле ацэнак карэспандэнта Свабоды, сабраліся 3-4 тысячы рабочых. Чуваць, што калі пачынае прамаўляць хтосьці з адміністрацыі, каб спынілі збор, яго асьвістваюць. Генэральны дырэктар Віталь Воўк у гэты час супакойвае, што трэба працаваць — маўляў, пакуль будзем страйкаваць, можам страціць рынкі.

Пратэст рабочых на МТЗ.

«Сытуацыя супакоіцца, вяртайцеся на працу», — заклікаў ён. Але ніхто зь месца не зварухнуўся. Адзін з удзельнікаў расказаў Свабодзе, што патрабаваньні да ўладаў традыцыйныя:
— Новыя сумленныя выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі
— Неадкладнае вызваленьне палітзьняволеных і ахвяраў гвалту
— Рэфармаваньне сілавой сыстэмы з расфармаваньнем АМАП.

Калі гэтыя пункты будуць праігнараваныя, наступным крокам стане далучэньне да агульнанацыянальнага страйку. Дырэктар прапанаваў, каб прапановы разгледзеў «страйкавы камітэт», а рабочыя тым часам вярнуліся на працоўныя месцы.

Паабяцаў, што за сёньняшнюю «самадзейнасьць» звольнены ніхто ня будзе, прагулаў таксама не паставяць. Замест гэтага пачуліся воклічы «Сыходзь! Сыходзь!». Невядома, на чый канкрэтна адрас, але кіраўнік прадпрыемства сышоў.

А 15-й на заводзе чакаюць прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку.

Пратэст на МТЗ

На МТЗ створаны страйкам

14.20. Рабочы Сяргей Дрылеўскі ў размове са Свабодай пацьвердзіў, што ў выпадку невыкананьня палітычных патрабаваньняў ягоныя калегі масава выйдуць на вуліцу. Ён сябра страйкаму, у якім 23 чалавекі.

Сяргей сам чатыры дні ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасьля іх заканчэньня на сваёй машыне развозіў людзей. Як удакладняе, ніводнага разу дадому, усіх — у шпіталі.

«Хачу асобна зьвярнуцца да кіраўніцтва ЦВК і іх памагатых: кроў, якая пралілася за апошнія дні, — на вашых руках. З гэтай крывавай плямай давядзецца жыць да канца дзён», — сказаў ён.

Зь яго словаў, адміністрацыя робіць усё, каб абмежаваць масавасьць пратэсту. Напрыклад, рабочых зборачнага цэху зачынілі і не выпускаюць. Генэральны дырэктар Віталь Воўк запэўнівае, што ніякага страйку няма, проста пэўныя асобы ўчынілі «несанкцыянаваны мітынг».

Рабочыя запэўніваюць, што размова менавіта пра страйк. Сяргей Дрылеўскі сказаў, што страйкам будзе настойваць, каб падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам прысутнічалі незалежныя журналісты.

Токар Эдвард Сьвінцецкі працуе ў корпусе зборкі трактароў. Сказаў, што ўсе рабочыя абураныя відэакадрамі затрыманьня і зьбіцьця мірных пратэстоўцаў, здымкамі пацярпелых, якія выходзяць з ізалятараў і знаходзяцца ў шпіталях. Менавіта гэта сталася апошняй кропляй. Ён падкрэсьлівае, што ў іх няма эканамічных патрабаваньняў — гатовыя пацярпець, калі на час страйку зьменшацца даходы. Але больш не гатовыя трываць, што за народныя падаткі сілавікі зьбіваюць людзей, якіх абавязаны абараняць.

Свае прэтэнзіі яны агучылі кіраўніцтву заводу яшчэ раніцай, але дырэктар празь некалькі гадзінаў канстатаваў, што вырашаць такія пытаньня самастойна ня можа.

Таму быў запрошаны прэм’ер-міністар, яго чакаюць а 15.00-15.30.