Калектыў дзяржаўнай газэты «Звязда» заклікаў не ўжываць сілу да тых, хто выказвае сваю думку

Падшыўка газэты "Звязда" за 1969 год

Супрацоўнікі найстарэйшай беларускай газэты «Звязда» зь «неспакоем і болем» выказаліся пра тое, што гэтымі днямі адбываецца ў Беларусі.

«За больш чым 100 гадоў свайго існаваньня „Звязда“ ніколі не спыняла сваёй работы і нават у найцяжэйшыя часы несла чытачам веру і надзею. І сёньня мы ня можам заставацца абыякавымі да таго, што робіцца навокал», — гаворыцца ў звароце да чытачоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты дзяржаўных СМІ падрыхтавалі зварот да міністра: «Гэта ня фэйк, гэта — кліч сумленьня»

Звяздоўцы выказваюць падтрымку ўсім, хто пацярпеў у канфліктах апошніх дзён, іх сем’ям і блізкім.

«Мы заклікаем паважаць журналістаў, якія працуюць на месцы падзеяў і выконваюць свой прафэсійны абавязак. Заклікаем не ўжываць сілу ў дачыненьні да тых, хто выказвае сваю думку. Заклікаем усіх паважаць закон, але найперш — чалавечую годнасьць. Гвалт можа спарадзіць толькі гвалт», — адзначае калектыў рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты сыходзяць зь дзяржаўных СМІ. СЬПІС абнаўляецца

Журналісты і супрацоўнікі «Звязды» выступаюць за цывілізаваны шлях вырашэньня рознагалосьсяў. Пры гэтым падкрэсьліваюць, што шануюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, паводле якога кожны грамадзянін мае права адкрыта выказваць сваю пазыцыю, і лічаць, што закладзеныя ў яго правы і свабоды ёсьць неад’емнай часткай гарманічнага і згуртаванага грамадзтва.