Сакратарыят Рады беларускай інтэлігенцыі выступіў з заявай, у якой асуджаецца гвалт супраць мірных пратэстоўцаў.
У цяперашняй сытуацыі процістаяньня ўлады і народу ў якасьці выйсьця бачыцца скліканьне круглага стала, на які запрашаюцца прадстаўнікі палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і ўладных структураў. У выніку павінна быць выпрацаваная прававая аснова выхаду з палітычнага крызісу і правядзеньне выбараў новай легітымнай улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі мэтанакіравана затрымлівалі і зьбівалі журналістаў. Заява БАЖПаводле аўтараў, уся сёлетняя кампанія выбараў прэзыдэнта, як і ў папярэднія гады, праходзіла пад знакам самапрызначэньня аднаго кандыдата — Аляксандра Лукашэнкі, які карыстаўся неабмежаваным манапольным доступам да ўсіх дзяржаўных СМІ дзеля ўласнага самапіяру.
«Некаторыя з прэтэндэнтаў, якія пачалі набіраць папулярнасьць, былі арыштаваныя. Астатнія кандыдатуры зарэгістравалі выключна для таго, каб забясьпечыць яўку выбарнікаў і стварыць ілюзію палітычнай канкурэнцыі і дэмакратычнасьці працэсу. Тым ня менш народ скарыстаўся легальнай магчымасьцю зьмены ўлады і зрабіў свой выбар», — гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаць дыялёг аб мірнай перадачы ўлады». АГП агучыла прапановы аб выхадзе з крызісуПадчас датэрміновага і асноўнага галасаваньня адбыліся беспрэцэдэнтныя парушэньні з боку выбарчых камісій і ЦВК, што зафіксавана назіральнікамі, працягваюць падпісанты. Незалежных назіральнікаў не дапускалі да працэдуры падліку галасоў, ім адмаўляліся паказваць выніковыя пратаколы.
Журналістаў незалежных СМІ, якія вялі стрымы з выбарчых участкаў, затрымлівалі і вывозілі ў невядомым кірунку. Кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская, якая, верагодна, атрымала большасьць галасоў, была вымушана зьехаць зь Беларусі. Такія факты ў сваёй сукупнасьці дазваляюць прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Недавер да афіцыйных вынікаў галасаваньня выказалі шматтысячныя групы людзей у розных гарадах Беларусі, якія выйшлі на вуліцы з мэтай адстаяць сваё права на годнае жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя «Справядлівы сьвет» заклікала да новых выбараў«Аднак нелігітымны кіраўнік схаваўся за сьпіной сілавых структураў і распачаў гвалт супраць уласнага народу. Сваімі дзеяньнямі ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і жорсткім разгоне мірных пратэстоўцаў улада цалкам страціла давер грамадзянаў. Яна ня мае ні маральнага, ні юрыдычнага права выступаць ад імя народу і прымаць любыя рашэньні на міжнародным узроўні. Менавіта народ быў і застаецца адзіным паўнамоцным суб’ектам улады. Мы ганарымся, што народ сваімі штодзённымі пратэставымі дзеяньнямі нагадвае ўсяму сьвету, хто ёсьць сапраўдным гаспадаром у нашым беларускім доме».
Такі стан ня можа трываць далей, падсумоўваюць сябры Рады беларускай інтэлігенцыі. Узроўнем жыцьця беларусы даўно павінны былі стаць у адным шэрагу з заможнымі эўрапейскімі краінамі. Гэты шанец можа быць канчаткова страчаны.