У Менску і Жодзіне пачалі выпускаць затрыманых 9-12 жніўня

Вызваленыя ў Жодзіна

Уначы 14 жніўня з жодзінскага СІЗА і менскага ізалятару на Акрэсьціна пачалі выпускаць затрыманых у Менску цягам 9–​12 жніўня. Некаторых затрыманых у сталіцы без суду перавозілі ў Жодзіна.​

Як у Менску сустракалі вызваленых з турмы на Акрэсьціна пратэстоўцаў. Фотарэпартаж

Як выглядаюць людзі, якіх выпусьцілі з ізалятара на Акрэсьціна

Вызваленыя ў Жодзіна

Затрыманыя расказалі Tut.by пра зьбіцьцё, зьдзекі, адмову ў мэдычнай дапамозе, холад і голад. У інтэрвію Tut.by затрыманая сказала, што ёй не вярнулі ейныя рэчы.

Да 6:00 14 жніўня «ўсіх затрыманых падчас акцый пратэсту выпусьцяць зь СІЗА», заявіў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў, піша «Спутнік». На момант публікацыі Свабода не знайшла пацьверджаньня гэтай інфармацыі ў іншых крыніцах. Таксама Барсукоў сказаў, што ніякага гвалту і зьдзекаў у Акрэсьціна не было, піша Tut.by.

Паводле «Эўрарадыё» каля СІЗА ў Жодзіне патрэбны машыны, каб дапамагчы дабрацца вызваленым у Менск. Каля ізалятара на Акрэсьціна машынаў хапае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.