Кангрэсмэн Элсі Гастынгс, старшыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША заклікаў адміністрацыю Злучаных Штатаў увесьці забарону на доступ да амэрыканскай фінансавай сыстэмы для дзевяці найбуйнейшых дзяржаўных кампаній Беларусі.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат: «Мы хочам, каб Беларусь заставалася сувэрэннай, незалежнай краінай»У лісьце, які зьявіўся як наступства гвалтоўнага задушэньня мірных пратэстаў у Беларусі пасьля фальсыфікаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, гаворыцца:
«Паколькі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка жорстка душыць мірныя пратэсты ў Беларусі і топча міжнародныя перадвыбарчыя абавязаньні, для Злучаных Штатаў непрымальна весьці справы з гэтым жорсткім рэжымам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэльсынская камісія ЗША: Беларускія ўлады зрабілі свабодныя выбары немагчымыміГастынгс нагадаў, што ў чэрвені 2006 году ўлады ЗША выдалі распараджэньне аб блякаваньні ўласнасьці людзей, адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў у Беларусі ў сакавіку 2006 году і задушэньне пратэстаў.
«Парушэньні правоў чалавека, на жаль, сталі характэрнымі для рэжыму Лукашэнкі, і ён зьдзяйсьняе іх цяпер больш агрэсіўна, чым калі-небудзь, спрабуючы задушыць сумленную палітычную канкурэнцыю. Яшчэ ніколі не было больш адпаведнага часу для поўнага выкананьня гэтага распараджэньня і разгляду пытаньня аб пашырэньні яго асноўных мэтаў за кошт дадатковых захадаў, прынятых выканаўчай уладай», — падкрэсьліў Гастынгс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія сэнатары аднагалосна ўхвалілі рэзалюцыю пра выбары ў БеларусіПадчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку 2006 году Элсі Гастынгс узначаліў міжнародную місію АБСЭ для назіраньня за выбарамі, у склад якой уваходзілі больш за 500 назіральнікаў. У яго справаздачы адзначалася, што «адвольнае выкарыстаньне паўнамоцтваў дзяржаўнай улады і масавыя затрыманьні сьведчаць аб пагардзе для асноўных правоў на свабоду сходаў, асацыяцый і выказваньня думак і выклікаюць сумневы ў гатоўнасьці ўладаў трываць палітычную канкурэнцыю».
У лісьце Гастынгса назвы кампаній, супраць якіх ён прапануе ўвесьці санкцыі, не пералічваюцца.