13 жніўня Марыя Калесьнікава, кіраўніца штабу прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, апублікавала на Youtube-канале штабу зварот да дзейнай улады.
У звароце яна кажа, што цяпер да Беларусі «павернутыя вочы ўсяго сьвету» і «ўвесь сьвет захапляецца намі» і прапануе сваю дапамогу, бо «хоча спыніць гвалт над беларусамі». Паводле яе, з кожным днём нязгода набірае сілу і «зваротнага ходу для Беларусі няма»:
«СМІ пішуць, што беларускі народ не даруе гэтай жорсткасьці дзейнай улады, міжнародныя палітыкі адзін за адным заклікаюць дзейнага прэзыдэнта спыніць зьдзек з народу. Тое, што адбываецца, пакуль ня могуць ацаніць толькі беларускія ўлады», — кажа Калесьнікава.
Яна зьвяртаецца да дзейнай улады з заклікам:
- Спыніць гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў, іх арышты і зьняволеньне, бо «беларусы маюць права мірна выказваць сваю нязгоду, гуляць па вуліцах, насіць бранзалеты тых колераў, якія ім падабаюцца».
- Выпусьціць усіх палітвязьняў і затрыманых, якіх ужо больш за 6 000.
- Паказаць рэальныя вынікі галасаваньня па кожным выбарчым участку ў Беларусі і даць выбарнікам дакумэнты на праверку.
- Ад мэраў беларускіх гарадоў — 15 і 16 жніўня выступіць арганізатарамі мірных масавых сходаў у кожным горадзе і даць людзям магчымасьць мірна выказаць сваю думку.
Пазьней штаб Бабарыкі апублікаваў ў Тэлеграме «тры патрабаваньні штабу да дзейнай улады». Першыя 2 супадаюць са сказаным у звароце Калесьнікавай — спыненьне гвалту і вызваленьне палітвязьняў і зьняволеных падчас пратэстаў, трэцяе патрабаваньне — абвяшчэньне новых сумленных выбараў да 15 верасьня з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, пад наглядам міжнародных арганізацый з новымі выбарчымі камісіям, новым ЦВК і відэаназіраньнем.