«Усім патрэбная падтрымка...» Як у Магілёве пратэставалі супраць гвалту

Удзельніца прастэсту супраць гвалту

У магілёўскім шэсьці супраць гвалту ўзялі ўдзел да 5 тысяч чалавек. Пачалося яно зь некалькіх асобных ланцугоў, якія аб’ядналіся, ідучы з аднаго канца гораду ў другі.

У магілёўскім шэсьці супраць гвалту ўзялі ўдзел да 5 тысяч чалавек. Пачалося яно зь некалькіх асобных ланцугоў, якія аб’ядналіся, ідучы з аднаго канца гораду ў другі.

Прайшоўшы два дзясяткі кілямэтраў, людзі разышліся ў цэнтры гораду каля Драмтэатру. Гэтая акцыя стала самай маштабнай у Магілёве за час пратэстаў супраць вынікаў выбараў.

Свой унёсак у пратэст зрабілі мясцовыя мэдыкі. Яны арганізавалі ланцуг супраць гвалту на Загараднай шашы ля аднаго з найбуйнейшых мікрараёнаў гораду — Спадарожнік. Грамада мэдыкаў, якія сабраліся а 18-й гадзіне, за 20 хвілін павялічылася да дзьвюх соцень. Удзельнікі былі ў белых халатах, з кветкамі, з малюнкамі ды надпісамі супраць гвалту.

Пратэст мэдыкаў на пачатку. Да яго далучаюцца жыхары мікрараёну Спадарожнік

«Усім цяпер патрэбная падтрымка. Мэдыкам таксама, якіх затрымалі. Каб яны адчувалі яе і ня трацілі надзеі. Мы патрабуем спыненьня гвалту. Таму я і мае калегі тут...», — сказаў пра свой удзел у ланцугу адзін з удзельнікаў.

Удзельнікі пратэсту

Да ланцуга мэдыкаў пастаянна далучаліся жыхары мікрараёну. Цягам гадзіны ён выцягнуўся да 500 мэтраў. Удзельнікаў, сыгналячы, віталі аўтамабілісты. Прыносілі ім кветкі і скандавалі: «Дзякуем!».

З мэдыкамі спрабуе гаварыць начальнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў

Да мэдыкаў, якія пратэставалі, прыйшлі начальнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў ды Ігар Каско, галоўны лекар абласной дзіцячай бальніцы і давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Яны бясплённа спрабавалі пагутарыць з калегамі і, прайшоўшы ўздоўж ланцуга, больш не зьяўляліся.

Да мэдыкаў далучаецца шэсьце з гораду

Праз гадзіну да мэдыкаў далучылася калёна з гораду. Утварылася грамада з блізу трох тысяч чалавек, якая рушыла зноў у цэнтар гораду. Паводле ўдзельнікаў, па дарозе яна вырасла да 5 тысяч. У шэсьці пазьбягалі скандаваць лёзунгі, каб не правакаваць міліцыю на гвалтоўныя дзеяньні. Сыгналы аўтамабілістаў людзі віталі, махаючы кветкамі ды паказваючы ім пальцамі сымбаль перамогі.

Удзельніца пратэсту мэдыкаў

Шэсьце не абышлося без затрыманьняў. Амапаўцы схапілі фатографа Аляксандра Ліціна ды сябру палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Тацяну Сівачэнку. Абаіх завезьлі ў міліцыю, але праз паўгадзіны вызвалілі з выбачэньнямі.

Асобнае шэсьце ў самім горадзе

Ланцуг супраць гвалту ў магілёўскім Задняпроўі