У Горадні прайшла сустрэча супрацоўнікаў найбуйнейшага горадзенскага забудоўніка «Гроднажылбуд» з кіраўніцтвам прадпрыемства і гораду. Людзі заявілі, што застануцца на месцах, але ня будуць працаваць.
Сотні супрацоўнікаў сталі перад уваходам у «Гроднажылбуд». Яны патрабавалі апублікаваць пратаколы галасаваньня на ўсіх участках, пералічыць галасы, спыніць гвалт сілавікоў супраць мірных грамадзян.
Адзін з работнікаў спытаў, хто галасаваў за Аляксандра Лукашэнку, падняліся некалькі рук. За Сьвятлану Ціханоўскую паднялі рукі амаль усе прысутныя .
Перад работнікамі выступіў намесьнік старшыні аблвыканкаму Ўладзімер Дзяшко, ён сказаў, што калі сёньня праца ў іх ёсьць, то заўтра можа ня быць. Выступіў намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Ігар Генец, які паведаміў, што напярэдадні ў Горадні было спакойна. Аднак сотні маладзёнаў хадзілі па Горадні ўвечары 12 жніўня, былі затрыманьні.
Супрацоўнікі «Гроднажылбуду» пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам аб нязгодзе з вынікамі выбараў. Пасьля сходу яны сказалі, то вернуцца на свае месцы, але ня будуць працаваць.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стыхійныя страйкі на БелАЗе і горадзенскім «Азоце». Рабочыя выйшлі на вуліцы. ВІДЭА