«Мы вучылі вас усіх». Блізу 400 настаўнікаў зьвярнуліся да ўлады, міліцыі і АМАПу

Ілюстрацыйнае фота.

Беларускія настаўнікі дзяржаўных і прыватных устаноў адукацыі зьвярнуліся да ўлады, міліцыі і АМАПу з адкрытым лістом, у якім рашуча патрабуюць «спыніць злачынны гвалт супраць беларускага народу, які выказвае сваю нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і татальнымі рэпрэсіямі».

«Ратуючы прафэсійную годнасьць настаўніцкай супольнасьці, паасобныя члены якой аказаліся ўблытанымі ў працэс маштабных фальсыфікацый падчас выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, мы заяўляем: беларускае настаўніцтва асуджае шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства, на якія ішлі члены выбарчых камісій і якія зафіксаваныя назіральнікамі. Мы патрабуем адмены сфальсыфікаваных вынікаў галасаваньня, агалошаных ЦВК, і прыняцьця мер, якія забясьпечаць выбарцам права на поўную і праўдзівую інфармацыю пра сапраўдны выбар беларускага народу», — гаворыцца ў звароце.

Настаўнікі заклікаюць уладу спыніць гвалт адносна «грамадзян нашай краіны, якія выходзяць на вуліцы, рэалізуючы сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст», і патрабуюць спыніць «арышты і зьбіцьцё, выкарыстаньне спэцсродкаў супраць мірных людзей, неадкладна вызваліць тысячы арыштаваных».

«Мы зьвяртаемся да арміі, міліцыі, АМАПу: спыніцеся! Вы цяпер парушаеце ня толькі закон, вы парушаеце асноўныя чалавечыя правы, вы ідзяце на злачынства ня толькі супраць канкрэтных людзей, а супраць чалавецтва, супраць сумленьня і маралі. Мы вучылі вас усіх: і тых, хто зараз страляе ў мірных людзей, і тых, хто стаіць пад кулямі. Мы аднолькава любілі вас, і тых, і іншых. Нам балюча бачыць, што адных мы навучылі быць сьмелымі, сумленнымі, адчайнымі ў барацьбе за свае правы — а другіх адправілі ў сьвет без належнай прышчэпкі супраць злачынных загадаў. Мы заклікаем усіх, хто чыніць гвалт супраць уласнага народу: спыніцеся і вярніце людзям права на іх голас. Не станавіцеся на бок зла. Не прыносьце сваё сумленьне, свой гонар, сваю годнасьць у ахвяру злачынным загадам. Будзьце людзьмі і будзьце зь людзьмі!», — гаворыцца ў звароце.

Зварот падпісалі:

Ганна Севярынец, настаўніца рускай мовы і літаратуры
Ніна Маргаева, настаўнік маляваньня
Ірына Чарняўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Ганна Граноўская, настаўнік пачатковых клясаў
Іна Ерыкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры
Ірына Азарынская, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Юлія Міхалевіч, выкладчыца харавых дысцыплін
Натальля Колчына, настаўніца біялёгіі
Сьвятлана Іванюшына, настаўніца пачатковых клясаў
Сяргей Цімашук, настаўнік фізыкі
Вія Граванс, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Пётар Гламбоцкі, настаўнік гісторыі
Алесь Мінаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Яўгенія Субат, настаўніца англійскай мовы
Натальля Іскарцава, дырэктар школы
Марыя Бадзей, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

і яшчэ 375 подпісаў. Подпісы працягваюць паступаць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.