Міліцыя затрымала рэаніматоляга шпіталя хуткай дапамогі пасьля акцыі салідарнасьці мэдыкаў. Пра гэта Свабодзе паведамілі сьведкі падзеі.
Па іх словах, калі скончылася акцыя «Мэдыкі з народам» каля станцыі мэтро Малінаўка, некаторыя ўдзельнікі пайшлі на стаянку да сваіх аўтамабіляў. Да кампаніі зь пяці чалавек падышлі супрацоўнікі міліцыі. Траіх мужчын паклалі на асфальт. Аднаго зь іх затрымалі і зьвезьлі.
Затрыманага мэдыка завуць Багдан. Ён працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у шпіталі хуткай дапамогі. Яму каля 30 год.
Іншых мужчын не затрымлівалі. Ва ўсіх агледзелі рэчы. Але не знайшлі нічога, акрамя мэдычных халатаў. Таксама праверылі дакумэнты, а ў дзяўчат — яшчэ тэлеграм-чаты на тэлефоне.
Міліцыянты былі ў цывільным, але ў балаклавах і з дубінкамі.
«Сказалі, што першы і апошні раз нам так пашчасьціла, што нас адпускаюць», — сказала сьведка падзей Свабодзе.