Аркадзь Добкін, сузнавальнік і генэральны дырэктар найбуйнейшай беларуска-амэрыканскай ІТ-кампаніі EPAM зьвярнуўся зь лістом да супрацоўнікаў сваёй кампаніі ў Беларусі. Тэкст цалкам у перакладзе з ангельскай мовы публікуе партал dev.by.«Сделаем всё, чтобы помочь». Письмо Аркадия Добкина | dev.by
«На працягу апошніх некалькіх дзён усе вы бачылі ці чулі аб пратэстах, якія адбываюцца ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, альбо размаўлялі зь людзьмі, якіх закранулі гэтыя падзеі», — пачынае зварот Аркадзь Добкін.
Далей ён кажа, што кіраўніцтва EPAM пільна сочыць за разьвіцьцём сытуацыі і «імгненна рэагуе на яе».
«Сёньня мы сутыкнуліся зь беспрэцэдэнтнай падзеяй у Беларусі, дзе ЕРАМ пачынаўся і дзе знаходзіцца сёньня найбуйнейшы цэнтар распрацовак кампаніі», — працягвае Добкін. Ён запэўнівае, што робіцца усё магчымае, каб кампанія працягвала працаваць.
«Мы просім тых з вас, хто выйшаў на вуліцы, перш за ўсё думаць пра сваю бясьпеку. Мы хочам і будзем дапамагаць тым, чые сваякі былі несправядліва затрыманыя ці пацярпелі іншым чынам. Сфармаваныя некалькі групаў падтрымкі ў крызісных сытуацыях зь ліку калег, гатовых адгукнуцца і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы вам у цяперашніх абставінах», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста хацелі папярэдзіць». Адміністрацыя ПВТ абзваніла кампаніі-рэзыдэнты з нагоды магчымых пратэстаўУ лісьце таксама гаворыцца, што ў EPAM створана гарачая лінія, на якую можна зьвяртацца.
«Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб дапамагчы! Бясьпека і здароўе вас і вашых родных, роўна як і вашая будучыня — наш прыярытэт». Раней супрацоўнікі кампаніяў — рэзыдэнтаў ПВТ паведамлялі, што кіраўніцтва ПВТ абзвоньвала офісы і засьцерагала ад удзелу ў магчымых пратэстах, пагражала нават выключэньнем з ПВТ. Адміністрацыя ПВТ у камэнтары Радыё Свабода факт такіх званкоў прызнала:
«Адміністрацыя праяўляла клопат, абзвоньвала кампаніі на прадмет недапушчэньня парушэньня закону Рэспублікі Беларусі ў межах мерапрыемстваў 9–10 жніўня, — расказалі ў прэс-службе. — Але гэта былі не пагрозы, а размовы з кіраўнікамі кампаніяў. Каб яны, магчыма, праявілі клопат пра сваіх супрацоўнікаў.
Размовы мелі рэкамэндацыйны характар, каб кіраўнікі парупіліся пра свае калектывы. Але ні ў якім разе гэта не былі пагрозы выключэньня. Магчыма, тут мае месца чалавечы фактар. Нехта нешта ня так зразумеў».