Абвінавачаны ў каардынацыі масавых беспарадкаў у Менску грамадзянін Беларусі выявіўся прадаўцом ужываных аўтамабіляў. Грошы пры сабе ён меў пасьля продажу машыны. Пра гэта пішуць «Открытые медиа», якія пагутарылі з жонкай затрыманага.
Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі
Відэа затрыманьня 36-гадовага Міхаіла Сімакова зьявілася раніцай у праўладным беларускім телеграм-канале «Жёлтые сливы». Сьцьвярджаецца, што пры сабе затрыманы меў каля 10 тысяч даляраў гатоўкай. Ён сказаў супрацоўніку міліцыі, што гэтую суму «назапасіў». Пазьней дзяржаўнае беларускае агенцтва БелТА назвала затрыманага «каардынатарам масавых беспарадкаў».
Жонка затрыманага Кацярына сьцьвярджае, што Сімакоў быў затрыманы каля пад’езда ўласнага дому, куды вяртаўся зь дзелавой сустрэчы. Яна кажа, што знойдзеныя ў яго грошы — з продажу машыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У крымінальнай справе ў Менску затрымалі выкладчыка Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона
Пры гэтым у Менску сапраўды зарэгістраваны індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Сімакоў, які займаецца продажам патрыманых аўтамабіляў, — адзначаюць «Открытые медиа».
У Беларусі некалькі дзён працягваюцца масавыя пратэсты, выкліканыя непрызнаньнем вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. За тры дні міліцыя затрымала каля шасьці тысяч чалавек, 250 апынуліся ў шпіталях, адзін чалавек загінуў. Заведзеная крымінальная справа аб масавых беспарадках. У краіне на тры дні адключаўся інтэрнэт (афіцыйна ўлады адмаўляюць, што выключалі яго). Усе апазыцыйныя кандыдаты зьвярнуліся ў ЦВК з патрабаваньнем ануляваць вынікі галасаваньня.