Беларуская асацыяцыя журналістаў сабрала ўсе вядомыя ёй выпадкі парушэньня правоў журналістаў, зьвязаных з выкананьнем імі прафэсійнай дзейнасьці.
За тры дні зафіксавалі 55 інцыдэнтаў, калі сілавікі нападалі на журналістаў, затрымлівалі іх, а суды — арыштоўвалі ці штрафавалі. За ўвесь год такіх выпадкаў амаль 170.
Шматлікія затрыманьні і зьбіцьцё журналістаў пачаліся ў дзень выбараў 9 жніўня.
10 жніўня гумовай куляй паранілі ў нагу карэспандэнтку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую. Журналісты казалі, што ў іх цэліліся наўмысна.
11 жніўня журналістаў зьбівалі, адбіралі карты памяці, у тым ліку ў Менску разьбілі камэру журналісту Associated Press Сяргею Грыцу, намагаліся разьбіць камэру карэспандэнтаў BBC, жорстка зьбілі ў Горадні журналістаў Яна Романа, Руслана Кулевіча, Алеся Дзянісава.
Затрыманьне галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча сілавікі пацьвердзілі, але дзе ён, невядома. Невядомы і лёс шэрагу затрыманых журналістаў у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі