Вераніка Цапкала, прадстаўніца аб’яднанага штабу, жонка прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы зьвярнулася зь відэазваротам да Сьвятланы Ціханоўскай і сілавікоў. Вераніка Цапкала знаходзіцца ў Маскве і, як сказала раней у інтэрвію Свабодзе, цягам апошніх содняў ня можа зьвязацца са Сьвятланай Ціханоўскай.
Вераніка Цапкала кажа, што бачыла відэазварот Сьвятланы Ціханоўскай, у якім яна тлумачыць прычыну адʼезду зь Беларусі.
«Хачу сказаць, што я асабіста і Валер Цапкала цябе падтрымліваем. Мы разумеем, што 9 жніўня Лукашэнка пацярпеў паразу на прэзыдэнцкіх выбарах. І адзіны легітымны ў краіне прэзыдэнт — гэта ты, Сьвятлана Ціханоўская. Я ведаю, якімі ганебнымі спосабамі ўлада аказвае ціск, выкарыстоўваючы дзяцей, мужоў і блізкіх, каб зьняць з дыстанцыі і дыскрэдытаваць у вачах грамадзтва. Толькі ўлады не разумеюць, што народ змагаецца ня толькі за Сьвятлану, а за сваю будучыню, будучыню сваіх дзяцей, супраць фальсыфікацый, падлогаў і прыніжэньняў», — гаворыць Вераніка Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры ночы не магу спаць», — Вераніка Цапкала адказала Лукашэнку на «авечак» і пракамэнтавала рашэньне ЦіханоўскайЖонка экс-кіраўніка ПТВ зьвярнулася таксама за сілавікоў і АМАПу:
«Каго вы абараняеце? Нелегітымнага Лукашэнку, які аддае вам незаконныя загады? Ці вашае жыцьцё таго вартае? Як вы будзеце спаць па начах? Як будзеце глядзець у вочы вам дзецям і ўнукам? Як вы будзеце з гэтым далей жыць? Няўжо Лукашэнка гэта ўсяго сапраўды варты?» — пытаецца яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры гадзіны ў пакоі зь сілавікамі». Калесьнікава расказала падрабязнасьці зьнікненьня ЦіханоўскайВераніка Цакала заклікала таксама міжнародную супольнасьць дапамагчы спыніць беззаконьне:
«Дапамажыце прызнаць Сьвятлану ў якасьці адзінага законнага прэзыдэнта. Дапамажыце вызваліць палітвязьняў. Дапамажыце правесьці свабодныя дэмакратычныя выбары. Калі ласка, дапамажыце беларускаму народу».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.