У другую ноч пратэстаў у Віцебску затрымалі больш за сотню чалавек, — праваабаронцы

Затрыманьні ў Віцебску 10 жніўня

Віцебскі праваабранца Павел Левінаў паведаміў карэспандэнту БелаПАН, што казаць аб колькасьці затрыманых падчас пратэстаў у Віцебску 9 і 10 жніўня складана.

Праваабаронцы падлічылі, што ў першую ноч былі затрыманыя ад 100 да 200 чалавек. У другую — больш за сотню.


«Затрыманых вельмі шмат, — адзначыў Павел Левінаў. — Фактычна не хапае месцаў, дзе іх легальна разьмясьціць. Запоўненыя ўсё віцебскія РАУС, ізалятар часовага ўтрыманьня, спэцыяльны ізалятар — так званы выцьвярэзьнік. Мінулай ноччу людзей трымалі ў спартовых залях установаў МУС.


Асабліва брутальна людзей затрымлівалі ў ноч з 9 на 10 жніўня. Гэта было заўважна, бо людзі ўжо зьвярталіся ў траўмапункты, фіксавалі пабіцьцё пры затрыманьні».


З словаў відавочцаў, на месцы затрыманьня іх ставілі тварам да сьцяны, рукамі за галаву. Так яны маглі прастаяць паўтары гадзіны. Некаторых зьбівалі дручкамі так, што нават прыяжджала хуткая дапамога. Паводле праваабаронцы, з затрыманымі праводзяць размову.


«Падчас размовы сярод іншага задаюць пытаньні, за каго чалавек прагаласаваў на выбарах. Трэба аддаць належнае нашым людзям, яны перасталі баяцца і адкрыта кажуць, што не галасавалі за дзейную ўладу».


Суразмоўца адзначыў, што праваабаронцы спадзяваліся быць на судовых працэсах, бо інтэрнэту няма і паседжаньні праз скайп немагчымыя.


«Але судзьдзі выяжджалі на месцы зьняволеньня адміністрацыйна затрыманых і судзілі там. Судзьдзі пачалі задавольваць хадайніцтвы аб выкліку сьведкаў. Калі хадайніцтва задаволенае, суд адкладаецца і чалавек мусіць быць вызвалены. Шмат людзей былі вызваленыя такім чынам. Хаця літаральна тыдзень таму судзьдзі адмаўлялі ў задавальненьні якіх-кольвек хадайніцтваў асобаў, якіх адміністрацыйна судзілі па палітычных артыкулах».


Праваабранца адзначыў, што людзей вызваляюць зь месцаў іх утрыманьня. Але яшчэ складана сказаць, які працэнт адпушчаных, а які працэнт застаецца пад вартай.


Затрыманыя 9 жніўня журналісты Зьміцер Казакевіч і Ігар Мацьвееў па-ранейшаму застаюцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Калі будуць суды, пакуль невядома.


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.