У Фрунзенскім раённым судзе 10 жніўня пачаўся працэс над кіраўніцай штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай — Марыяй Мароз, якую затрымалі 8 жніўня каля штабу Ціханоўскай.
Вядзе працэс судзьдзя Андрэй Млечка. Марыю Мароз абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі.
Паводле пратаколаў, якія склалі на Мароз амапаўцы Сухавец і Савіч, яна размахвала рукамі, лаялася матам і не падпарадкоўвалася законным патрабаваньням праваахоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі начальніцу штабу Ціханоўскай. Цяпер яна на АкрэсьцінаМарыя Мароз сябе вінаватай не прызнала. Паводле яе, затрыманьне адбылося ў момант, калі яны разам са Сьвятланай Ціханоўскай, прэс-сакратаром штабу Ганнай Красулінай і Вольгай Кавальковай прыехалі да офіса штабу па адрасе Незалежнасьці, 58, і выйшлі з аўтамабіля.
У гэты момант да Марыі Мароз падскочыў праваахоўнік, які паказаў пасьведчаньне, але не патлумачыў, за што яе затрымалі. Яе зацягнулі ў аўтамабіль, працэс перавозу ў Фрунзенскі РУУС здымалі на відэа. Яна адразу не аказвала супраціву, не адмаўлялася ехаць, але пыталася ў міліцыянтаў, чаму яе затрымліваюць.
Суд адхіліў хадайніцтва Марыі Мароз і яе адваката аб апытаньні сьведак. Яна заяўляла сьведкамі Сьвятлану Ціханоўскую, Вольгу Кавалькову і Ганну Красуліну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай: восем чалавек з каманды затрымаліТаксама суд адмовіўся праглядаць як відэа, зьнятае актывісткамі падчас затрыманьня, так і службовае відэа, зьнятае пры яе затрыманьні. Суд сказаў, што ў гэтым няма патрэбы, і задаволіўся рапартамі.
Працэс адкладзены да 12 гадзіны 11 жніўня.
У Марыі Мароз двое непаўналетніх дзяцей: двухгадовая дачка і 14-гадовы сын. У перапынку Марыя некалькі разоў плакала, узгадваючы дзяцей, і казала, што ёй вельмі цяжка адбываць пакараньне, ведаючы, што дзеці засталіся бяз маці. Цяпер дзяцей Марыі Мароз у Полацку даглядае яе маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выйшла з ЦВК, сказала «Я прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірункуЗ суду Марыю Мароз зноў вывезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менскага раёну на вуліцы Скарыны. Там яна сядзела ў адной камэры з назіральніцамі Тамарай Філімонавай, Івай Амбражэвіч, Аленай Эмануэль, Аленай Бужынскай, Натальляй Дзянісавай, Вольгай Сурковай і Ганнай Бічэль.
Сёньня гэтых назіральніц судзілі. Вядома, што
- Тамара Філімонава атрымала штраф 1080 рублёў,
- Іва Амбражэвіч — 7 сутак арышту,
- Вольга Суркова — 7 сутак арышту,
- Алена Бужынская — 10 сутак арышту,
- Ганна Бічэль — штраф, сума невядомая.
Марыя Мароз пасьпела сказаць, што ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары прымальныя, але ў душ яе ня водзяць, толькі выводзяць на прагулкі. Пра ежу сказала, што «здавальняючая».