Канстанцін, які быў ля Стэлы ў Менску позна ўвечары 9 жніўня, атрымаў дзьве раны на назе пасьля выбуху гранаты.
Мянчук Канстанцін знаходзіўся ў раёне Стэлы ўвечары 9 жніўня. Там прысутнічалі тысячы людзей. Па словах Канстанціна, паміж 23.30 і 24 гадзінамі супрацоўнікі міліцыі пачалі сілавы разгон дэманстрантаў, ужываючы пры гэтым спэцсродкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У аўтазаку я быў увесь у крыві», — Яўген Заічкін, здымкі якога абляцелі інтэрнэт, жывы«Я вырашыў прагуляцца пасьля працы, — расказаў Свабодзе відавочца. — Прагульваўся ў раёне Стэлы. Сустрэў дзяўчыну, мы зь ёй гулялі. Я не зьбіраўся ўдзельнічаць ні ў якіх масавых беспарадках. Ня меў ніякага агрэсіўнага жаданьня некаму прычыніць шкоду, я быў там выключна зь мірнымі мэтамі.
Там быў вялікі натоўп людзей, ланцуг АМАП. Чамусьці АМАП пачаў выкарыстоўваць вадамёты ў нейкі момант.
Я бачыў, што натоўп не быў агрэсіўным. На АМАП дакладна ніхто не нападаў. Сілавыя органы таксама прымянілі сьвятло-шумавыя гранаты, аўтамабілі са шчытамі прымяняліся. Гумавыя кулі, стральба пачалася ў нейкі момант. Гранаты ляцелі ў натоўп, іх выкарыстоўвалі не для таго, каб некага запалохаць. Гранаты кідалі проста пад ногі».
Канстанцін сьцьвярджае, што не бачыў правакацый і сутычак паміж дэманстрантамі і праваахоўнікамі. Ён быў сьведкам таго, як некаторыя з пратэстуючых кідалі ў бок АМАПу плястыкавыя бутэлькі. Аднак яны не даляталі да шэрагаў людзей у форме. Іншая пратэстоўцы не падтрымлівалі такіх дзеяньняў. У нейкі момант міліцыянты пачалі закідваць натоўп сьвятло-шумавымі гранатамі. Адна зь іх параніла Канстанціна.
«На жаль, адна з гранат трапіла пад ногі мне, аскепкамі яе абалонкі мяне параніла, я маю дзьве раны, — кажа Канстанцін. — У калена і на голені. У „хуткай“ аказалася, што раны неглыбокія. Але калі я іх атрымаў, я думаў іначай.
Выбух такой гранаты — гэта вельмі сур’ёзны гук. Я ў жыцьці чуў і больш гучныя гукі, але гэта выбух. Вушы закладвае, гэта аглушэньне. У маім выпадку гэтае аглушэньне не было глябальным, я захаваў магчымасьць рухацца, адчуваць сябе ў прасторы. Але так пашанцавала не ўсім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У вайсковым шпіталі ў Менску застаюцца 18 зьбітых падчас разгону пратэстаўПацярпелы гаворыць, што лік параненых ідзе на дзясяткі. Некаторыя зь іх былі ў цяжкім стане.
«Я бачыў дзяўчыну, у якой была прабітая скула, — расказвае Канстанцін. — Яе твар быў цалкам акрываўлены, яна ляжала з адкрытымі вачамі на асфальце ў непрытомнасьці. Пазьней аказалася, што гэта дзяўчына аднаго з тых, зь кім я трапіў у палату ў Вайсковым шпіталі.
Людзі дапамагалі адзін аднаму, мне першую дапамогу аказалі людзі з натоўпу. Параненых было шмат, я сам бачыў некалькіх цяжкапараненых. Яны мелі шматлікія раны, не прыходзілі ў прытомнасьць. Іх не маглі прывесьці ў прытомнасьць нават супрацоўнікі „хуткай“ дапамогі. АМАП у дачыненьні да параненых паводзіў сябе вельмі дзіўна, яны не хацелі выклікаць людзям мэдыкаў. Пазьней я чуў, што праваахоўнікі прымянялі сілу нават у дачыненьні да параненых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі, ёсьць параненыя. Людныя пратэсты былі ва ўсіх абласных цэнтрах, шэрагу буйных гарадоўАд Стэлы Канстанцін зьехаў на «хуткай», якая прыехала да аднаго зь «цяжкіх» параненых. Мэдыкаў без перашкодаў прапускалі і дэманстранты і АМАП.
«Мяне адвезьлі ў Вайсковы шпіталь, — працягвае Канстанцін. — Я хацеў бы падзякаваць яго мэдыкам і супрацоўнікам адміністрацыі. Яны паводзілі сябе вельмі карэктна. Дапамагалі нам, клапаціліся пра нашае здароўе. У Вайсковым шпіталі было шмат параненых. Я не магу сказаць, ці ўсе зь іх былі пратэстоўцамі. Там чуў, што адзін з параненых знаходзіўся на гаўбцы сваёй кватэры і аскепак ад гранаты параніў яго там.
Параненых шмат было насамрэч. Мяне, напрыклад, паклалі не ў траўматалягічнае аддзяленьне, а ў практалягічнае. Што адлюстроўвае ступень занятасьці шпіталя. Наколькі я ведаю, у іншых шпіталях таксама было шмат параненых. Але магу памыляцца, сам не бачыў гэтага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў БеларусіЦяпер Канстанцін знаходзіцца дома, адчувае сябе добра, аднак перамяшчаецца пакуль зь цяжкасьцю. Яго ўжо апыталі супрацоўнікі Савецкага РУУС Менску. Яны прыехалі да пацярпелага самі, узялі паказаньні і кантакты.
Паводле афіцыйнага паведамленьня МУС, позна ўвечары 9 жніўня ў Беларусі ў выніку пратэстаў пацярпелі больш за 50 грамадзян, а таксама 39 супрацоўнікаў міліцыі. Праваахоўнікі затрымалі каля 3000 чалавек, больш за 1000 зь іх — у Менску.