Плошчу Леніна ў Берасьці ачапілі, людзі сабраліся на перакрыжаваньні Машэрава і Савецкай. Міліцыя выганяла з тэрасаў наведнікаў кавярняў.
Паводле відавочцаў, каля 22:00 на праспэкце Машэрава ў Берасьці адбыліся сутычкі пратэстоўцаў з АМАПам. Сілавікі, як сьведчаць відавочцы, ужылі сьлезацечны газ.
Паводле ўдзельніка падзеяў Мікалая, АМАП пачаў выціскаць пратэстоўцаў з пешаходнай вуліцы Савецкай, там выключылі ліхтары.
Жыхары мясцовых дамоў чулі воклічы людзей і выбухі сьвятлашумавых гранатаў. Да 23-й гадзіны на праспэкце Машэрава было ўжо больш за тысячу пратэстоўцаў; як кажуць сьведкі, у міліцыянтаў у адказ на іхныя гранаты ляцелі камяні.
Мясцовы журналіст Мікалай Аляксандраў паведаміў Свабодзе, што прынамсі аднаму чалавеку пашкодзілі галаву. Каля гадзіны ночы з цэнтральных вуліц сышлі апошнія пратэстоўцы.
Як паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка берасьцейскай міліцыі Яўгенія Кузьмінская, пакуль «няма дадзеных аб колькасьці затрыманых і пацярпелых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У вайсковым шпіталі ў Менску застаюцца 18 зьбітых падчас разгону пратэстаў