«Вынікі фальсыфікавалі, гвалт асуджаем». У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны могуць не прызнаць выбары ў Беларусі

Юлія Кліменка, Аляксей Ганчарэнка, Мікола Княжыцкі, дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны

Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь» заклікае сваіх калег не прызнаваць вынікі выбараў прэзыдэнта ў Беларусі.

Аляксей Ганчарэнка


«Выбары суправаджаліся шматлікімі фальсыфікацыямі як у часе перадвыбарчай кампаніі, так і ў часе выбараў. Нядопуск апазыцыйных кандыдатаў да ўдзелу ў выбарах, арышты, перасьлед і пагрозы, недапушчэньне міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ варта разглядаць як такія, што істотна паўплывалі на вынік волевыяўленьня грамадзян», — зачытаў тэкст адпаведнай заявы кіраўнік аб’яднаньня, дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка.

У сваю чаргу дэпутаты Юлія Кліменка (фракцыя «Голас») і Мікола Княжыцкі (фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць») асудзілі ўжываньне сілы супраць грамадзян, якія выйшлі на мірны пратэст. Паводле іх, найбліжэйшым часам у Вярхоўнай Радзе будзе зарэгістраваны праект заявы.

Юлія Кліменка


Прадстаўнікі міжфракцыйнага аб’яднаньня дадалі, што плянуюць разгледзець усе магчымыя варыянты падтрымкі грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ў часе пратэстаў, у тым ліку адукацыйнай. Яны таксама прапанавалі правесьці ва Ўкраіне перамовы між уладай Беларусі і апазыцыяй ды будуць ініцыяваць падтрыманьне Беларусі і палітычных вязьняў на ўзроўні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

«Украіна гатовая выступаць мадэратарам такіх перамоваў. Наша задача — спыніць гвалт і стварыць магчымасьць для правядзеньня сумленных дэмакратычных выбараў», — сказаў Аляксей Ганчарэнка.

Мікола Княжыцкі


«Пасьля гэтых выбараў легітымнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі будзе вельмі нізкай. Рана ці позна пытаньне перамоваў з апазыцыяй паўстане і будзе неабходным. І мы гатовыя надаць такую пляцоўку», — дадала Юлія Кліменка.

Дэпутаты перакананыя, што «сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі — вынік адмовы рэжыму Лукашэнкі ад эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі».

Прадстаўнікі ўкраінскага парлямэнту таксама заклікалі ўкраінцаў далучыцца да акцыі, якая стартуе сёньня, а 18.00 гадзіне ў сацыяльных сетках — публікаваць допісы на беларускай мове і такім чынам падтрымаць беларусаў, якія выйшлі на мірны пратэст супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў.